Рэйды праходзяць – пытанні застаюцца

Службы информируют

Мабільная група райвыканкама правяла маніторынг захавання працоўнай дысцыпліны, правілаў аховы працы, пажарнай бяспекі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

У гэты раз правяраючыя наведалі МТП «Судкова». Першае ўражанне – парадак, пляцоўка ачышчана ад снегу. Прайшоўшы крыху далей, назіраем вароты гаража без фіксуючых прылад, яны папросту падпертыя палкай. Паспрабавалі адчыніць, стала крыху страшна, такое пачуццё, што яны ўпадуць прама на цябе. Зайшлі, а там рамантуюць аўтамабіль. Мабыць, работнікі гуляюць у гульню з фартунай, бо ўстанавілі аўтамабіль на драўляныя калодкі замест казялкоў. Далей накіраваліся ў такарнае аддзяленне. І тут парушэнні – на двух заточных станках адсутнічаюць ахоўныя экраны, зваршчык дапускаецца да працы без сродкаў індывідуальнай абароны – няма зварачнага касцюма. Гэты спіс можна працягваць далей. І калі для ўхілення вышэйпералічаных недахопаў патрабуюцца грашовыя сродкі, то на ўсталёўку плафонаў, якіх фактычна няма ні на адной свяцільні, не патрабуюцца сотні рублёў.

Наступны прыпынак мабільнай групы – Хойніцкі лясгас. Тут парушэнняў не выяўлена. І гэта цудоўна. Усе журналы вядуцца згодна з патрабаваннямі. Тут да правілаў аховы працы адносяцца з поўнай адказнасцю. Аднак аўтамабіль, які стаіць на вуліцы, устаноўлены таксама на драўляныя калодкі. Невядома, рамантуюць яго ці не, аднак гэта ўсё ж такі небяспечна.

На ПМС скончыўся тэрмін чарговага выпрабавання зварачнага апарата. На эстакадзе адсутнічаюць накіроўваючыя рэборды, на балоне з прапанам на манометры разбіта шкло, у супрацьпажарных разрывах паміж будынкамі дапушчана складзіраванне гаручых матэрыялаў. Але негледзячы на ўсе парушэнні прадстаўнікі мабільнай групы адзначылі і перамены ў лепшы бок. Так, старая «Газэль», якая пры мінулай сустрэчы была прыдатная толькі для здачы на металалом, зараз выглядае як лялька. Больш таго, аўтамабіль ужо на хаду. На прадпрыемстве пачалі замену варот гаражоў. І гэта толькі пачатак. З поўнай упэўненасцю можна сказаць, што праца мабільнай групы дзейсная і дае вынікі.

І. ГРЫГАРОВІЧ, начальнік аддзела па пытаннях ЗСПА ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *