Тры браты – тры вадзіцелі – тры глінішчукі

Сельское хозяйство

Кузьменкі – асы ў сельскай гаспадарцы

У кожнай мясцовасці прынята даваць людзям розныя прозвішчы. Аграгарадок Глінішча – не выключэнне. Тут у сельгаспрадпрыемстве «Імя І.П. Мележа» працуюць трое братоў – Муха, Жучка і Кавуля. Прычым, і калегі іх так вельмі часта называюць. Ды спытайце любога, хто ў Глінішчах не ведае іх? Усе адкажуць, гэта тыя самыя перадавікі.

Цяпер сур’ёзна. Васілій, Павел і Аляксандр Кузьменкі (на фота злева направа) – вадзіцелі. Толькі на летні сезон Васілій перасаджваецца на камбайн. Бывала, што браты нават працавалі ў адным экіпажы. Сямейная сувязь, кажуць мае субяседнікі, – самая моцная. Яны адзін для аднаго падтрымка, апора і лепшыя сябры. Хаця бывае і крыху пасварацца, аднак хутка мірацца – адыходлівыя мужыкі.

Бацькі герояў уборачнай таксама працавалі ў гаспадарцы, глава сямейства – шафёрам, маці – то ў брыгадзе, то цялят даглядала. Таму і хлопцам было з каго браць прыклад з дзяцінства. А пачыналі на камбайне ў час летніх канікул.

«Памятаю, у 8 класе нарыхтоўваў сенаж. Прыязджае хтосьці са школы ды і кажа, што ў мяне сёння іспыт па геаметрыі. А я зусім забыў пра яго. Дык пайшоў, здаў – і зноў на поле», – расказвае Васілій. Дарэчы, Мухай яго клічуць нездарма, у школе і ў арміі хутка бегаў, любімая дыстанцыя была 3000 м.

Самым першым у калгас (тады яшчэ так называлі) прыйшоў старэйшы брат Павел, вось ужо 40 гадоў ён за рулём.

Успамінае, як раней у гаспадарцы тэхнікі было больш – адных камбайнаў 12 адзінак стаяла. Пры кім з кіраўнікоў было лепш працаваць? Усе добрыя, аднак выдзяліў бы Васілія Каральчука і Уладзіміра Бондара.

На пенсію ніхто з братоў пакуль не збіраецца. Прызнаюцца, што будуць да таго моманта працаваць, пакуль здароўе дазволіць. І, жартуюць, пакуль узнагароды будуць. А дасягненняў у Кузьменак нямала. Адзначаюць, што падзякамі ўсе сцены завешаны.

– А што было раней такога ў гаспадарцы, чаго зараз няма?

– Абеды нам вазілі канём на поле. Зараз – машынай дастаўляюць.

Браты часта сустракаюцца не толькі на рабоце, аднак і ў госці адзін да аднаго ходзяць. Бо жывуць усе побач, у адным аграгарадку. Ды і ажаналіся з вясковымі жанчынамі. Жонка Васілія таксама у «Мележа» працуе – бухгалтарам. Таму мужу не атрымліваецца ўтаіць сваю заработную плату, як гэта робяць некаторыя. Так жартуе Васілій.

Праўду кажучы, пра суперніцтва ў сельскай гаспадарцы размова зусім не ідзе. Яны ж агульную справу робяць. Прычым, утрох яна выходзіць у разы лепей.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *