Аб льготах і выплатах пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС — усё, што трэба ведаць

Службы информируют

З начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланай Курленка пагутарылі наконт датэрміновай пенсіі, надбаўках і льготах, якія прадугледжаны для ліквідатараў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

– На што маюць права грамадзяне, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы?

– На медыцынскае абслугоўванне пры выхадзе на пенсію ў арганізацыях аховы здароўя, да якіх яны былі прымацаваны на апошнім месцы працы, ваеннай службы; першачарговае вызначэнне ў стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання і абслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя; выплату па часовай непрацаздольнасці ў памеры 100% сярэднядзённага заробку; выкарыстанне працоўнага водпуску ў летні або іншы зручны для іх час.

– Якія паслугі прадастаўляюцца адзінокім пенсіянерам ці інвалідам?

– Пры неабходнасці аказваем разавыя сацыяльныя паслугі: дапамога сядзелкі, сацыяльнае хатняе абслугоўванне.

– Раскажыце пра льготы ў працоўнай сферы.

– Пераважнае права на пакіданне на рабоце пры скарачэнні колькасці або штата работнікаў; прадастаўленне 14 дзён сацыяльнага водпуску на працягу года без захавання зарплаты; права выбару работнікам зручнага часу водпуску.

Указаная гарантыя прадастаўляецца таксама работнікам, эвакуіраваным, адселеным, якія самастойна выехалі з тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання з зоны эвакуацыі (адчужэння), зоны першачарговага адсялення і зоны наступнага адсялення, за выключэннем тых, хто прыбыў у названыя зоны пасля 1 студзеня 1990 года.

– Нагадайце асаблівасці рэгулявання працы работнікаў на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання.

– Гэта 35-гадзінны працоўны тыдзень; сутачныя ў павышаных памерах для часова накіраваных або камандзіраваных; павышаная працягласць працоўнага водпуску (без уліку дадатковага водпуску за работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы); водпуск па цяжарнасці і родах жанчынам з 27 тыдняў цяжарнасці працягласцю 146 каляндарных дзён (у выпадку ўскладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей – 160 каляндарных дзён) незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў.

– Каму даецца права выхаду на пенсію на 10 гадоў раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту?

– Ліквідатарам, якія працавалі ў межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе або не менш як 10 сутак у 1987 годзе; хворым і перанеслым прамянёвую хваробу, інвалідам у выніку катастрофы на ЧАЭС. А вось пенсія на пяць гадоў раней дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту належыць ліквідатарам, якія былі заняты на работах у 1986-1987 гадах у межах зоны эвакуацыі (акрамя занятых у 10-кіламетровай зоне) пры наяўнасці інваліднасці (незалежна ад прычыны). Дарэчы, асаблівы парадак вылічэння пенсій па інваліднасці і з нагоды страты карміцеля дзейнічае для асоб, якія сталі інвалідамі з прычыны калецтва або захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, і сем’яў, якія страцілі карміцеля з прычыны названых прычын. У выглядзе пенсій па інваліднасці і з нагоды страты карміцеля ім кампенсуецца страчаны ў сувязі з інваліднасцю або стратай карміцеля даход.

– Выплачваецца аднаразовая выплата…

– Медыцынскім, фарма-цэўтычным, педагагічным работнікам, работнікам культуры, спецыялістам сельскай гаспадаркі, ЖКГ, ветэрынарам, работнікам і спецыялістам сістэмы спажыўкааперацыі, якія заключылі кантракт пасля 31 снежня 2012 года тэрмінам на 5 гадоў на працу ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення выплачваецца аднаразовая выплата: пры заключэнні першага кантракта тэрмінам на 5 гадоў – 200 базавых велічынь; пры заключэнні другога кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 5 гадоў работы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта – 300 базавых велічынь.

– Што датычыцца выплат па догляду дзіцяці?

– Грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС або ад іншых радыяцыйных аварый або пастаянна (пераважна) жывуць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне наступнага адсялення і ў зоне з правам на адсяленне, могуць прэтэндаваць на павышаны памер дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў – артымліваюць 150 працэнтаў.

Гутарыла Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *