Каля дома небяспечна, а на ферме чысціня

Службы информируют

Якія хібы знайшлі на розных аб’ектах спецыялісты

На кантролі ўдзельнікаў мабільнай групы райвыканкама на гэтым тыдні апынуліся аб’екты камунальнай гаспадаркі, устаноў адукацыі і малочна-таварная ферма.

Перш-наперш завіталі на тэрыторыю прамысловай базы КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Адразу заўвага – вартаўнік на змене без пасведчання. Класіка жанра: тэхніка, што на рамонце, знаходзіцца не на спецыяльных умацаваных падпорках, а на любых спадручных сродках. Гэта небяспечна.

Мабільная група накіравалася ў гімназію. На жаль, там выявілі медыцынскія аптэчкі са сцёкшым тэрмінам прыдатнасці. Парэкамендавалі як мага хутчэй замяніць лекавыя сродкі.

На тэрыторыі другой гарадской школы рабочы касіў траву без сродкаў індывідуальнай аховы. Не, іх напярэдані выдалі, але чалавек палічыў рэчы не вартымі для выкарыстання. «Мне нязручна!» – так тлумачыў адмову адпаведна апрануцца мужчына.

Шматлікія заўвагі адрасавалі члены мабільнай групы рабочым падраднай арганізацыі «Мазырбуд» на аб’екце капітальнага рамонту дома № 5 па вул. Юбілейная райцэнтра. Каля будынка тэрыторыя засмечаная, самі работнікі працуюць без касак і страховачных паясоў, а ў інжынера няма адпаведнай дакументацыі. Давядзецца сур’ёзна папрацаваць з калектывам, каб не паўтараліся падобныя заўвагі.

Завяршаючым пунктам мабільнай стала ферма «Малішаў» КСУП «Судкова». Нягледзячы на заўвагі па належнаму ўтрыманню дваравой тэрыторыі, іншых рэкамендацый спецыялісты не далі: проста не знайшлі больш хібаў. Наадварот, выказалі падзяку за ўзорную чысціню і годны санітарны стан памяшканняў. Тут работнікі прыслухоўваліся да ранейшай крытыкі, вынікі не прымусілі чакаць. Так трымаць!

Д. АЎДЗЕЕНКА, начальнік аддзела па пытаннях ЗСПА ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *