Гарадская СШ № 1 па праву лічыцца старэйшай школай нашага раёна – два гады таму яе калектыў адзначыў свой 80-гадовы юбілей. За гэтыя 8 дзесяцігоддзяў тысячы юнакоў і дзяўчат атрымалі тут сапраўдную пуцёўку ў жыццё і сёння з самымі цёплымі пачуццямі ўдзячнасці і павагі ўспамінаюць сваіх настаўнікаў. Сцены школы сталі першым жыццёвым універсітэтам для пісьменнікаў Івана Мележа і Барыса Сачанкі, кінарэжысёра-дакументаліста Віктара Дашука, заслужанай артысткі БССР Ганны Аўдеенка, лепшага футбольнага трэнера Беларусі апошніх гадоў Віктара Ганчарэнкі і многіх іншых, не менш знакамітых у Беларусі і за яе межамі людзей.
Сёння, зрэшты, як і заўсёды, перад педагагічным калектывам стаіць адна галоўная задача: удасканаленне адукцыйнага працэсу, пошук такіх форм і метадаў работы, каб выклікаць у вучняў жывую цікавасць да навучання, каб школа стала для іх сапраўдным другім домам.
Аб гэтым расказвае мне дырэктар школы Жанна Аляксееўна Сяргеенка:
– Педагагічны калектыў школы на сённяшні дзень складваецца з 57 настаўнікаў. Большая іх частка – 51 чалавек, мае вышэйшую педагагічную адукацыю, астатнія зараз навучаюцца завочна ў педагагічных ВНУ. Гэта значыць, што кваліфікацыя нашых настаўнікаў адпавядае самым высокім патрабаванням часу. А іх энтузіязм і, як гэта прынята зараз казаць, крэатыўнасць, творчыя адносіны да справы дапамагаюць нам дабівацца самых высокіх вынікаў. Так, з 9 нашых выпускнікоў, якія сёлета вырашылі паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, усе паспяхова вытрымалі ўступныя экзамены і сталі студэнтамі. І па выніках цэнтралізаванага тэсціравання мы таксама маем самы высокія сярэдні бал у раёне – 45,1, ён дарэчы, вышэй сярэднеабласнога.
Выдатна выступаюць нашы вучні на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Напрыклад, Дзмітрый Чэркас стаў пераможцам абласной алімпіяды па грамадазнаўству, нядрэнны вынік паказаў ён і на рэспубліканскай алімпіядзе ў Гродна. Дыпломам рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы адзначаны Уладзіслаў Раманоўскі. Ён у гэтым годзе, набраўшы 92 балы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, стаў студэнтам БДУІР. Студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівесітэта стала яшчэ адна наша выпускніца – Кацярына Краўчанка, якая перамагла ў абласным літаратурным конкурсе «Захаваем свет разам!».
Высокім вынікам у рабоце спрыяе і добрая матэрыяльная база адукацыйнага працэсу. Ёсць камп’ютарны і лінгафонны кабінеты, маюцца дзве інтэрактыўныя класныя дошкі, пераносная мультымедыйная ўстаноўка, ёсць усё неабходнае для пазашкольнай работы – аб’яднанняў па інтарэсах і факультатываў, спартыўных секцый.
Аб сваёй школе, настаўніках і ўсіх 446 вучнях Жанна Аляксееўна можа расказваць і расказваць. Аб тым, што ўсе яны забяспечаны бясплатным высокаякасным харчаваннем з абавязковымі штодзённымі сокамі, садавінай і гароднінай. Аб арганізаваным падвозе вучняў з Веляціна, Карчовага, Малішава, Езапова і Вялікага Бору. Аб бягучым рамонце, які правялі тут летам уласнымі сіламі, з дапамогай бацькоў. Аб працоўных дэсантах па ўборцы гарадскіх і замацаваных за школай тэрыторый, якія практыкуюцца тут рэгулярна.
Але, прызнацца, мяне даўно ўжо цікавіла пытанне: хто стварае тое кветкавае хараство, у якім патанае школьная тэрыторыя і будынак?
– У асноўным займаюцца гэтым мой намеснік па гаспадарчай частцы Н.В. Прышчэп і гардэробшчыца Т.В. Хіхлун,– адказвае Жанна Аляксееўна. – Але дапамагаюць ім у гэтым тэхработнікі, настаўнікі і дзеці. Арыгінальныя афармленні кветкавых клумб і інсталяцый знаходзім у Інтэрнэце, робім эскіз на паперы, а потым увасабляем яго ў жыццё.
Выслухаўшы адказ дырэктара, ад сябе засведчу: атрымліваецца цудоўна – арыгінальна і вельмі прыгожа.
Па выніках работы за мінулы год калектыў СШ № 1 прызнаны лепшым сярод устаноў адукацыі. Тым самым пацверджана, што першая школа такое званне мае не толькі па нумерацыі. Асаблівы ўклад у гэтае дасягненне ўнеслі настаўнікі У.А. Кавальчук, С.А. Цішкевіч, Н.М. Амельчанка, К.К. Казмярчук, Г.А. Барысенка, В.В. Харыбіна, С.М. Ладыгіна.
–У гэты ганаровы спіс можна ўнесці ўвесь наш калектыў, – адзначае Жанна Аляксееўна, – таму што ўсе працуюць творча, аддана, з душой і «агеньчыкам».
Напэўна, у гэтым і крыецца сакрэт поспеху першай ва ўсім і па сутнасці школы.
Віктар Назаранка.