Муж і жонка Аляксандр і Вольга Талюк з вёскі Віць не проста зрабілі са свайго домаўладання ўзорны аб’ект, але ж і птушкам дапамаглі.
Больш за 35 гадоў жывуць разам паважаныя Аляксандр Пятровіч і Вольга Міхайлаўна. За гэты час выхавалі траіх дачок – Марыю, Таццяну і Алену, растуць і ўнукі. У сваім доме па вул. Дзядова сям’я жыве каля 33 гадоў – тэрмін немалы. І ўвесь гэты час і гаспадар, і гаспадыня ўкладаюць шмат намаганняў, каб іх домаўладанне выглядала не проста прыгожа, а насамрэч радавала позірк і душу.
Толькі ўладару прыватнага дома зразумела, як складана пастаянна падтрымліваць выгляд і самога будынка, і наваколля. Але гэта сям’ю Талюк ніколі не пужала.
– Усё мы робім разам з мужам, – дзеліцца Вольга Міхайлаўна. – Ён у мяне сапраўдны майстра, самастойна асвоіў, як дрэвы прышчэпліваць, якую садавіну вырасціць. Таму ўлетку радуюць ураджаем салодкія яблыкі, сакавітыя грушы, персікі. Нават ажыны памерамі здзіўляюць.
Вяскоўцаў лёгка назваць шчаслівымі: часта збіраюцца вялікай сваёй сям’ёй, дапамагаюць адзін аднаму. І нават птушкам з нядаўняга часу.
Доўгі час каля хаты стаяў вялізны клён. Дрэва стала домам для буслоў – звілі птушкі там сабе гняздо. Але ад старасці дрэва схілілася да зямлі, давялося яго спілаваць. Буслы знаходліва падабралі сабе новае месца жыхарства – новае гняздо размясцілі акурат на дымаходзе ў Талюкоў.
Каб не ствараць сабе і птушкам праблем, гаспадар Аляксандр Пятровіч разам са сваімі суседзямі паставіў высокі слуп побач і для моцнасці зладзіў металічны каркас, налажыў зверху галінак.
Вясной буслы прыляцелі да сябе на наваселле, такая «кватэра» прыйшлася птушкам да спадобы.
– Вялікі дзякуй нашым суседзям, што адгукнуліся на просьбу дапагчы буслам, – расказвае Аляксандр Талюк. – Цяпер усе сочым, як нашы буслікі жывуць. Летась з гнязда адно бусляня выпала. Мы з жонкай яго выхадзілі – кармілі рыбкай, звярнуліся ў райвыканкам, каб падняць птушаня да родзічаў. Таксама людзі ў баку не засталіся.
Тым часам нашы землякі рыхтуюцца да новага сезону. Вольга Міхайлаўна плануе, якія кветкі пасадзіць, а Аляксандр Пятровіч – дзе плыт падправіць спатрэбіцца, калі дах мяняць у сарайчыку. Сам змайстраваў вялікі мангал: адначасова тут можна і мяса гатаваць на вуглях, і юшку наварыстую.
Па двары ў Талюкоў можна доўга гуляць: невялічкія садовыя фігуркі ўпрыгожваюць наваколле. Зацікавіла керамічная кармушка, збоку выглядае, як вінтажны трохвугольны пачак з-пад малака. Яна прыцягвае ўвагу і птушачак, і гасцей.
– Прыязджайце да нас улетку, – запрашаюць гасцінныя Талюкі. – Тут столькі хараства!
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.