Саломка – прыроды падарунак. Што ўмее з яе вырабляць хайнічанка Вольга Шляхценка

Культура

Наша краіна – месца, надзвычай багатае на культурныя і духоўныя багацці. Яны акаляюць нас з вамі літаральна паўсюль і ёсць на Хойнікшчыне.

Чаго каштуе адзін толькі абрад ваджэння Русалкі ў Вялікім Боры. Так нашы землякі зберагаюць спадчыну, што ад продкаў засталася.

Ёсць і людзі, якія сваімі ўменнямі нясуць працяг рукатворных дзівосаў. Дарэчы, усё, што рукамі працавітых людзей зроблена – тройчы каштоўнасць.

Дакрануцца да справы прадзедаў можна і сёння. Такую магчымасць часта дорыць і наша майстрыха раённага Дома рамёстваў – паважаная хайнічанка Вольга Шляхценка.

Вольга Данілаўна валодае старадаўнім майстэрствам пляцення з саломы. Таму і сама зямлячка, і творы яе рук унесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей.

– Вядома, ганаровая справа – быць каштоўнасцю. Але не трэба думаць, што гэта аддаляе мяне ад маіх людзей, хайнічан, – тлумачыць Вольга Шляхценка. – На свае вочы пабачыць, як з сухіх саломачак ствараюцца сонейка залатое, лялечкі-анёлы, конікі і розныя абярэгі, можна ў самім Доме рамёстваў па вул. Калесніка, 79 у Хойніках. А яшчэ на народных гуляннях абавязкова прысутнічаю: майстар-класы праводжу з калегамі.

Нядаўна Вольга Данілаўна ў чарговы раз прыцягвала позіркі гасцей свята Масленіцы. Сярод разнастайных куткоў з актыўнасцямі яе стол выглядае не менш прывабна. Тут прапанавалі сувеніры на любы густ: хочаце абярэг для дзіцяці – бярыце лялечку, жадаеце багацця ў хату ці ў госці збіраецеся – венічак набывайце. Ды і як цудоўны падарунак сябрам любы твор падыйдзе.

Больш за ўсіх цікавасць да саломапляцення маюць дзеткі. Як заўважае майстрыха, менавіта маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі цягнуцца бліжэй, каб паразглядаць залацістую прыгажосць, са шчырым здзіўленнем сочаць, як робяцца талісманы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота Ларысы КАПЫЛОВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *