Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Х Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2017» адбылася ў Палацы Рэспублікі. Уладальніцамі ганаровага звання сталі 42 прадстаўніцы з розных куткоў Беларусі. І што самае прыемнае і знакавае – сярод узнагароджаных ёсць і хайнічанка!
У малой зале Палаца Рэспублікі панавала святочная атмасфера. У фае разгарнулася арыгінальная фотавыстава, каля фантана размясцілася жывая кампазіцыя, якая ўвасабляла прыгажосць Сінявокай.
Было надзвычай светла ад жаночых усмешак, цёпла ад прыгажосці і душэўнасці выдатных дам. Запрошаныя на ўрачыстасць мужчыны літаральна свяціліся ад захаплення і з задавальненнем заўважалі: «Быццам у аранжарэю трапілі!».
На цырымоніі сабраліся прадстаўніцы самай масавай у краіне жаночай грамадскай арганізацыі – «Беларускі саюз жанчын». Ён аб’ядноўвае больш за 183 тысячы ўдзельніц. Усіх тых, хто дорыць жыццё, нясе гармонію і прыгажосць, стварае ўтульнасць і клапоціцца аб блізкіх.
– Цяперашні конкурс «Жанчына года» – юбілейны, – адзначыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Марыяна Шчоткіна. – Ён стаў добрай традыцыяй, якую будзем працягваць, каб тым самым прыцягнуць увагу грамадскасці і сказаць: «Жанчыны могуць усё! Толькі, калі ласка, заўважайце і цаніце!». Гэты год асаблівы для Беларускага саюза жанчын яшчэ і тым, што арганізацыя атрымала прэмію Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Хачу сказаць дзякуй актывістам аб’яднання, усім тым, хто не застаецца ў баку ад вырашэння жаночых пытанняў.
Арганізатары пастараліся зрабіць юбілейны конкурс асаблівым. Крыху змянілі фармат, каб паказаць шматграннасць ролі жанчыны ў грамадстве. У гэтым годзе было шэсць намінацый – «За лідэрства і паспяховае кіраўніцтва», «Ратуючы жыццё», «Мацярынская слава», «Жанчына ў навуцы», «Гаспадыня вёскі», «Духоўнасць і культура». Ужо з саміх назваў зразумела, што асноўныя крытэрыі для ўдзелу ў конкурсе – высокія дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці, выхаванні дзяцей і моладзі, уклад у развіццё вёскі, духоўнасці і культуры, навукі.
Кожная жанчына вартая высокай узнагароды, але мы больш за ўсё радуемся за намесніка старшыні Хойніцкага райвыканкама Жанну Чарняўскую. Яна паспяховая, поўная ідэй і натхнення, сапраўдная патрыётка свайго роднага краю. І сваёй штотыднёвай працай імкнецца зрабіць як мага больш карыснага для раёна і яго жыхароў. Добрых вынікаў актыўнай дзейнасці Жанны Мікалаеўны шмат – і яны не засталіся не заўважанымі. Яна – адна з лепшых у краіне! Жанчына года!
Ва ўрачыстай цырымоніі юбілейнага конкурсу прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў улады, кіраўнікі ведамстваў, прадпрыемстваў і ўстаноў, у прыватнасці кіраўнік МНС Уладзімір Вашчанка, кіраўнік Дзяржкамваенпрама Алег Двігалеў, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. У ліку гасцей былі таксама жанчыны-паслы замежных дзяржаў.
На мерапрыемстве выступілі мастацкія калектывы Беларусі, Іна Афанасьева, Аляксандра Гайдук, Алёна Ланская, гурт «Правакацыя», шоу-група «Маракасы». Для 42 беларусак гэты дзень застанецца ў памяці назаўсёды.
Па матэрыялах рэспубліканскай прэсы падрыхтавала Наталля ЧЭКАН.