Моладзь, дзейнічай!

Тэрыторыя моладзі

У раённым краяўзнаўчым музеі прайшoў Дзень рэзервіста.
Месца для правядзення мерапрыемства абрана не выпадкова. Сядзіба Аўраамавых – каштоўная спадчына, якая цяпер з’яўляецца правадніком у гісторыю нашага раёна. А ў Год малой радзімы яна асабліва папулярная. І колькі б разоў тут ні быў, усё роўна адкрываеш для сябе нешта новае, падкрэсліваеш цікавы факт ці больш уважліва ўглядаешся ў эксклюзіўныя экспанаты. Для маладых спецыялістаў і рэзервістаў правялі экскурсію, пагружаючы тым самым у патрыятычную абстаноўку. І калі ў залах музея акцэнт рабіўся на славутым мінулым Хойнікшчыны, то за круглым сталом гаворка пайшла аб светлым будучым.
З прывітальным словам да маладзёжнага актыву раёна звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Жанна Мікалаеўна Чарняўская. Яна расказала аб развіцці Хойнікшчыны ў апошнюю пяцігодку. А паралельна дэманстраваліся слайды прэзентацыі, у якіх адлюстроўваліся шматлікія дасягненні раёна і хайнічан. Пачынаючы ад поспехаў у прамысловасці, будаўніцтве жылля і заканчваючы рэчамі і традыцыямі, якія прэтэндуюць на званне брэнда раёна. Акрамя таго, Жанна Мікалаеўна анансавала важныя падзеі, якія адбудуцца ў Хойніках у бліжэйшы час і выслухала прапановы ўдзельнікаў мерапрыемства. Сустрэча атрымалася шчырай і цёплай, без мікрафонаў і афіцыёзу. Уздымалася мноства пытанняў, але акцэнт рабіўся на патэнцыяле хойніцкай моладзі.
Кожны год наш раён папаўняе значная колькасць маладых адукаваных і амбіцыёзных спецыялістаў, якім па сілах справіцца з самымі рознымі вытворчымі заданнямі, укараняць новыя методыкі ў рабоце, гучна заяўляць аб сабе наватарскім пошукам і творчым гарэннем. Дзякуючы здароваму маладзёжнаму кар’ерызму, маладзее сярэдні ўзрост кіраўнікоў у раёне.
Прадстаўнік улады выказала жаданне, каб маладыя людзі актыўна ўдзельнічалі ў жыцці раёна, прапаноўвалі свае ідэі і задумкі ў самых розных справах. Далучылася да гэтага закліку і начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Толмач. Яна падрабязна спынілася на пытаннях фарміравання маладога перспектыўнага рэзерву, яго прадстаўнікі ўжо знаходзяцца на першых прыступках кар’ернай лесвіцы і маюць магчымасць рухацца ўверх. Перад імі адкрываюцца вялікія перспектывы далейшай вучобы і бліскучай кар’еры як у родным раёне, так і ў вобласці. Калі вы ініцыятыўныя, неабыякавыя, старанныя работнікі, то можаце прэтэндаваць на ўключэнне ў склад рэзерву кіруючых кадраў і перспектыўнага кадравага рэзерву райвыканкама. Таму дзейнічайце!
У заканчэнні сустрэчы я расказала аб удзеле ў Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, які праводзіўся летась у Сочы. А менавіта аб арыгінальных праектах і ініцыятывах, якія праводзяць маладыя людзі ў розных краінах свету.

Наталля ЧЭКАН.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *