Планы ветэрана: на парад – у Маскву

Да Дня Вялікай Перамогі

Наша размова са спецыялістам ТЦСАН Аленай Анатольеўнай Курленка пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны завяршылася на сумнай ноце. Чаму? З кожным годам іх колькасць змяншаецца. На сёння ў Хойніках пражывае ўсяго чацвёра ветэранаў і шэсць удзельнікаў вайны, зусім не засталося іх у вёсках.

Напэўна, самай публічнай персонай застаецца Васілій Сямёнавіч Гардзеенка. Хайнічанам ён добра знаёмы па фота на вялізных банерах. Нядаўна ветэран адзначыў чарговую круглую дату – 95 гадоў з дня нараджэння. Сустрэў асабістае свята сціпла ў сваёй хойніцкай кватэры.
Нядаўна ён стаў госцем цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе на сустрэчы са школьнікамі расказаў пра сваю нялёгкую службу. У 17 гадоў імкнуўся на фронт, але не склалася. Трапіў у Калінкавіцкі раён, у партызанскае падполле. Там юнак быў падрыўніком і разведчыкам. Толькі ў 1944 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію, пазней у якасці байца кулямётнага разліку ён вызваляў Варшаву, а затым ад Віслы дайшоў да Эльбы, прымаў удзел ва ўзяцці Берліна. Пасля Перамогі штогод Васілій Сямёнавіч абавязкова прымаў удзел у парадзе 9 Мая ў Маскве. Па традыцыі ён ездзіць туды, каб сустрэцца з сябрамі-франтавікамі каля Вялікага тэатра.
У завяршэнні сустрэчы ветэран пакінуў запіс у альбоме «Нашы землякі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны».
Летась з-за праблем са здароўем ён звярнуўся ў сацыяльную службу, каб накіравалі ў Капаткевіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў (Петрыкаўскі раён). Але не змог жыць удалечыні ад малой радзімы ў коле незнаёмых людзей. Вярнуўся ў Хойнікі. У хуткім часе паедзе ў Маскву, каб прайсці ў ваеннай форме па Чырвонай плошчы.
Астатнім нашым ветэранам весці насычанае грамадскае жыццё, на жаль, не дазваляе стан здароўя. Затое нярэдка ў іх доме з’яўляюцца госці. Акрамя родзічаў, прыходзяць журналісты, са святамі віншуюць прадстаўнікі раённай улады, сацыяльнай службы, дэпутаты дастаўляюць прадуктовыя наборы.
У кватэры па вул. 70 гадоў Кастрычніка пражывае ветэран Аляксандр Вікенцьевіч Гапоненка. Некалькі гадоў назад ён аўдавеў, ладзіць побыт дапамагала дачка. Зараз з-за пагоршанага здароўя Аляксандр Вікенцьевіч патрабуе больш увагі, таму за ім аформілі догляд сацыяльнага работніка.
Разам з сям’ёй сваёй унучкі жыве на вул. Першамайскай Іван Ігнацьевіч Шкурко. Як і многія ветэраны вайны, ён не любіць успамінаць той час, голас зрываецца з-за слёз.
Таксама стрыманы ў сваіх успамінах і Рыгор Данілавіч Балобан. Ён, як і раней, жыве разам з сынам Аляксандрам у кватэры шматпавярховага дома па вул. Жукава.
У ліку шасці асоб, якія прыроўнены да ветэранаў вайны, Аляксей Захаравіч Латфулін, Сямён Аляксандравіч Акуленка, Мікалай Мікітавіч Цыганкоў, Зоя Іванаўна Акатава, Віктар Сямёнавіч Мамаеў, Соф’я Аляксандраўна Жыляк.
Пажадаем ветэранам трымацца, больш станоўчых жыццёвых эмоцый і ўсяго самага найлепшага.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *