Спаленыя вёскі: Зялёны Гай, Перавессе, Чырвонамайск — так ніколі і не адрадзіліся

Важное

Беларусь за сваю шматвекавую гісторыю шматразова станавілася полем бою жорсткіх войн, кожная з якіх пакідала пасля сябе гора, смерць і спусташэнне.

З усіх войнаў, што пракаціліся па лёсе нашага народа, найбольш кровапралітнай стала Вялікая Айчынная вайна, перамогу ў якой удалося дасягнуць цаной велізарных чалавечых страт.

Мільёны жыццяў прыняла ў сябе абяздоленая беларуская зямля.

Людзей, якія загінулі не толькі на полі бою, але і метадычна, цынічна забітых падчас ажыццяўлення гітлераўцамі акупацыйнага рэжыму. Адной з самых жудасных формаў генацыду стала знішчэнне вёсак, часта разам з насельніцтвам.

22 сакавіка мы ўшаноўваем памяць ахвяр Хатыні. Але гэты дзень – даніна памяці ўсім мірным людзям, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, трагічны напамін аб яе жахах.

Да трагічнай даты 1943 года Хатынь была звычайнай ціхай беларускай вёскай, якая налічвала 26 двароў. Раніцай 22 сакавіка ў 6 кіламетрах ад яе партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону. У перастрэлцы загінуў нямецкі афіцэр. Неўзабаве пасля гэтага Хатынь акружылі карнікі. Яны сагналі ў свіран старых, жанчын, дзяцей, замкнулі і падпалілі. У агні загінула 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.

З ахопленага полымем будынка жывым атрымалася вырвацца толькі аднаму 56-гадоваму Іосіфу Камінскаму. Ён паспрабаваў вынесці і свайго параненага сына, але не змог яго выратаваць.

На жаль, гісторыя Хатыні не ўнікальная для нашай краіны. У час Вялікай Айчыннай вайны былі зажыва спалены жыхары 628 беларускіх вёсак. 186 з іх так і не былі адноўлены.

Лёс Хатыні падзялілі і многія з вёсак Хойнікшчыны. З 104 яе населеных пунктаў 36 было спалена і знішчана цалкам, разам з амаль 1100 жыхарамі.

21 населены пункт быў спалены часткова, пры гэтым у іх загінула каля 300 чалавек. Тры вёскі, Зялёны Гай, Перавессе, Чырвонамайск, так ніколі і не адрадзіліся.

Больш за ўсё людзей загінула ў агні падпаленай вёскі Алексічы. Акупанты спальвалі яе двойчы. У жніўні 1942 года сюды прыбыла некалькі дзясяткаў нямецкіх грузавікоў. Вёску падпалілі адразу з двух бакоў, людзей, якія ў роспачы выбяглі на вуліцу, каты пачалі зганяць і зачыняць ў дамах. Тых, хто спрабаваў выскачыць у акно ці ўцячы агародамі ў лес, даганялі кулі. Полымя, аўтаматныя чэргі, крыкі і плач старых, жанчын і дзяцей зліваліся ў адзін жудасны стогн. У той дзень рукамі катаў былі спалены 35 сем’яў і 141 двор. У жывых засталіся толькі тыя, хто на той момант адсутнічаў у вёсцы. А праз год, пасля таго як ацалелыя вяскоўцы ўзвялі на родных папялішчах 20 новых хат, у верасні 1943, фашысты вярнуліся і зноў знішчылі іх.

З надыходам вясны 1943 года ў Беларусі нарастаў партызанскі рух, павялічвалася колькасць людскіх і матэрыяльных страт нямецкай арміі ад падрыву эшалонаў, засад на дарогах і нападаў на гарнізоны. Партызаны зрывалі збор сельгасхарчу ў насельніцтва для нямецкай арміі. У красавіку 1943 года, пераправіўшыся на паромах праз Прыпяць, у паўднёвую частку Палесся прыбылі ўкраінскія партызаны злучэння Каўпака і Навумава. У Аравічах і Дроньках размясціліся каўпакоўцы, у Краснаселлі і Баршчоўцы – навумаўцы. Карнікі, пры падтрымцы танкаў і бронетэхнікі, адціскалі партызан да ракі, дзе іх было прасцей знішчыць. Фашысцкіх войскаў было досыць шмат для таго, каб нават гэтая магутныя партызанскія злучэнні былі вымушаныя сыходзіць за раку. Двое сутак хойніцкі партызанскі атрад імя Чапаева прыкрываў адыход сваіх украінскіх таварышаў, пасля чаго з дапамогай умелага манеўру сышоў з-пад удару.

Пасля сыходу ўкраінскіх партызан, пры вялікіх скопішчах карных войскаў, узлаваных няўдачай, пачала рыхтавацца расправа над мірным насельніцтвам Хойнішчыны.

Кіраўніцтва крывавай акцыяй, учыненай у маі-чэрвені 1943 года так званай «баявой групай Шымана», ажыццяўляў сумна вядомы брыгадэнфюрэр СС і генерал-маёр паліцыі Вальтэр Шыман, часовы выканваючы абавязкі начальніка войскаў СС і паліцыі Беларусі.

З данясення начальніка Хойніцкага жандарскага паста ў Рэчыцкую акруговую жандармерыю пра спаленне ў Хойніцкім раёне 26 вёсак за адзін дзень:

«23 чэрвеня 1943 года ў выніку вялікай аперацыі, праведзенай баявой групай Шымана, у Хойніцкім раёне спалены наступныя вёскі: Радзін, Лясок, Уласы, Масаны, Баршчоўка, Перавессе, Малочкі, Пагоннае, Кухноўшчына, Новапакроўск, Буда, Зялёны Гай, Хвойнае, Маклішча, Куравое, Рудзенька, Старч, Бераснёўка, Вялікі Бор, Восаў, Гарошкаў, Амелькаўшчына, Дубровіца, Ізбынь, Алексічы.

Капітан ахоўнай паліцыі і начальнік жандарскага паста … ».

Зямля вёсак Зялёны Гай і Перавессе, спаленых з усімі іх жыхарамі, разам з зямлёй іншых 186 беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з іх насельніцтвам і не адноўленых пасля вайны, пахавана ў жалобных скрынях на адзіных у свеце «Могілках неадроджаных вёсак», унікальнай і трагічнай частцы мемарыяла Хатынь. Мемарыяла, які з’яўляецца пранізлівым напамінам аб страшнай трагедыі беларускага народа, перажытай ім у вогненныя гады Вялікай Айчыннай, і вучыць яшчэ больш любіць нашую шматпакутную Радзіму.

А. ЭСАУЛЕНКА, галоўны захавальнік фондаў раённага краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *