Там, дзе вытокі нашы і карані


Як паведамлялася ўжо, сёлета свята беларускага пісьменства пройдзе 5 верасня ў нашым горадзе. Яно будзе чарговым сведчаннем таго, што ў Рэспубліцы  Беларусь ёсць і будзе свая шматвяковая гісторыя і культура, прасветленая вялікімі імёнамі Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Сімеона Полацкага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Цёткі, Янкі Купалы і Якуба Коласа, іх жыццядзейным словам.

Вытокі нашай пісьменнасці, нашай літаратуры ў старажытнасці. І аб гэтым цыкл публікацый пад новай рубрыкай прапаноўваем чытачам “Хойніцкіх навін”.

Цяжка дакладна сказаць, калі з’явілася пісьмовая літаратура на Русі. Самыя старажытныя помнікі пісьменнасці, якія захаваліся, адносяцца да ХІ стагоддзя, аднак высокі мастацкі ўзровень іх быў бы немагчымым без папярэдніх літаратурна-пісьмовых традыцый.

Перыяд з ХІ да сярэдзіны ХІІІ стагоддзяў з’яўляецца агульным у жыцці ўсходніх славян, і таму літаратура Кіеўскай Русі з’яўляецца агульным здабыткам трох братніх народаў: рускага, беларускага і ўкраінскага.

Да найбольш папулярных і, відаць, самых старажытных відаў нашага пісьменства адносяцца летапісы. Неабходнасць запісаў падзей па гадах узнікла ў сувязі са з’яўленнем пачуцця патрыятызму, гордасці за сваю Радзіму, у сувязі з жаданнем ведаць сваё мінулае.

Самым старажытным, дайшоўшым да нас, з’яўляецца звод летапісаў, вядомы пад назвай “Се повести времянных лет, откуду есть пошла Руская земля, кто в Киеве нача первее княжити, и откуду есть Руская земля стала есть”.

Старажытныя летапісцы не мелі ў сваім распараджэнні дастаткова фактычнага матэрыялу, а таму, асвятляючы мінулае, вымушаны былі звяртацца да фальклорных крыніц. Народныя сказанні, паданні, легенды, песні аб вядомых дзеячах уключаліся ў “Повести…”. Даволі часта сустракаюцца літаратурныя крыніцы, да якіх адносяцца і шматлікія біблейскія элементы. Усё гэта, а таксама ў многіх месцах вобразнае выкладанне падзей надае  летапісам характар не толькі гістарычных, але і мастацкіх помнікаў.

Як летапісы ў галіне свецкай літаратуры, так пропаведзі ў царкоўна-рэлігійных творах з’яўляюцца адным з самых ранніх жанраў. Яны падзяляліся на простыя (дыдактычныя павучанні) і ўрачыста-рытарычныя словы. Віднымі прадстаўнікамі гэтага пісьменства Кіеўскай Русі былі Іларыён (ХІ ст.), Клімент Смаляціч і Кірыл Тураўскі (ХІІ ст.).

Іларыён праславіўся пропаведдзю “Слово о законе и благодати”, напісанай паміж 1037-1050 гг. Аўтар рашуча выступае супраць замаху на Русь з боку Візантыі. Яго дзейнасць цалкам адпавядала палітыцы князя Яраслава Мудрага, які прызначыў Іларыёна без адабрэння канстанцінопальскага патрыярха мітрапалітам Русі (да гэтага і доўгі час пасля таго мітрапалітамі Русі былі грэкі).

Вялікая грамадская значнасць і каштоўнасць пропаведзі “Слово о законе и благодати” заключаецца ў тым, што аўтар адмаўляў прэтэнзіі Візантыі на рэлігійнае панаванне  і ўхваляў князя Уладзіміра за свабодную, нікім не навязаную хрысціянізацыю Русі.

Не толькі ў ідэйных, але і ў мастацкіх адносінах “Слово” з’яўляецца бліскучым узорам нашай літаратуры і ніколькі не ўступае лепшым дасягненням візантыйскага красамоўства.

Клімент Смаляціч (г.зн. ураджэнец Смаленска) быў другім мітрапалітам Русі з мясцовых царкоўных дзеячаў, назначаны па ўказанню князя Ізяслава саборам рускіх епіскапаў без згоды канстанцінопальскага патрыярха.

Аднак з твораў Клімента да нас дайшло толькі адно пасланне да  свяшчэнніка Фамы, у якім ён выступае супраць абвінавачвання ў ганарлівасці і самаўзвышэнні, а таксама ў захапленні Гамерам, Арыстоцелем, Платонам. Паводле сцвярджэння Клімента, ён адстойваў алегарычна-сімвалічнае тлумачэнне біблейскіх тэкстаў, прыклад чаго і дае ў сваім пасланні.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *