З 21 па 31 студзеня ў раёне праходзіў дэкаднік пажарнай бяспекі. Супрацоўнікі РАНС, РАУС, прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, іншых зацікаўленых служб і арганізацый раёна праводзілі адрасныя праверкі жылля неспрыяльных катэгорый грамадзян, пустуючых домаўладанняў, гарышчаў і падвальных памяшканняў шматкватэрных дамоў.
У адным з рэйдаў разам з інспектарам групы прапаганды і навучання РАНС М.В. Сёмавай і ўчастковым інспектарам РАУС А.В. Раманавым пабываў і карэспандэнт “ХН”.
Кажуць, што бяда вучыць. Але гэтае выказванне ніяк нельга аднесці да жыхара вул. Камсамольскай райцэнтра В.Ф. Пінчука. Некалькі год таму назад пажар амаль знішчыў дом. Аб гэтым зараз нагадваюць растрэскаўшаяся тынкоўка, закураныя вокны і столь. Але ні аб якой супрацьпажарнай бяспецы тут і размовы не можа весціся: гаспадар разам са сваімі гасцямі кураць у пакоі, запалкі і акуркі раскіданы па падлозе.
Жыхар в. Езапоў Ю.М. Гуркін пра бяспеку таксама не задумваецца: побач з ложкам на табурэтцы стаяла попельніца, аўтаномны пажарны апавяшчальнік выйшаў са строю. Печ таксама трэба аднавіць і пакласці перад грубкай бляшаны ліст.
Гэтае ж неабходна выканаць і жыхарцы в. Малішаў С.У. Міручэнка. Да таго ж, дзверцы печы ў яе доме зачыняюцца не шчыльна, нават можна назіраць за агнём. Пры такой няспраўнасці дым можа трапіць у пакой. Як вядома, калі ўсяго некалькі хвілін дыхаць чадным газам, можна задыхнуцца – да бяды адзін крок.
Малішаўцу М.М. Чэркасу рэкамендавана паліць печ некалькі разоў у дзень пакрыху, каб не раскаляць яе да невыцерпнага жару, ад якога могуць успыхнуць драўляныя перакрыцці дома.
Ва ўсіх наведаных дамах з гаспадарамі былі праведзены тлумачальныя гутаркі, раздадзены памяткі і плакаты на тэму пажарнай бяспекі.
У моцныя маразы, якія гэтай зімой прыйшлі на Хойнікшчыну, гаспадары прыватных домаўладанняў сталі часцей і больш працяглы час выкарыстоўваць пячное ацяпленне. Аднак не ўсе і не заўсёды, на жаль, выконваюць патрабаванні пажарнай бяспекі. Як вынік, толькі з пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося ўжо 8 пажараў, 6 з іх – менавіта з-за парушэння правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення. Для параўнання, у 2009 годзе за гэты ж перыяд быў зафіксаваны толькі адзін пажар.
Ірына НОВІКАВА.