Не дзіва, што па добрай традыцыі на маштабных рэспубліканскіх мерапрыемствах прадстаўнікі свайго раёна на розны лад хваляць малую радзіму, паказваюць гасцям, чым ганарацца самі і далучаюць да мясцовых абрадаў.
Не стала выключэннем ХХІХ свята друкаванага слова ў Добрушы. Сапраўды, па назве зразумела, што ў першую чаргу дэманстравалі дасягненні беларускага кнігавыдавецтва і медыя. Таму два дні ў так званай беларускай Венецыі прайшлі ў атмасферы творчасці: сустрэчы з пісьменнікамі, узнагароды заслужаным творцам слова, літаратурныя салоны. Да таго ж, ніводны госць свята не прайшоў міма Газетнага бульвара. Калектывы рэдакцый раённых газет Гомельшчыны, кожны на свой лад, дэманстравалі яркія аб’екты роднай мясцовасці.
Хайнічанам давялося папрацаваць у тандэме з не менш таленавітымі і крэатыўнымі калегамі. Рэдкая падзея: адразу чатыры рэдакцыі стварылі заўважны куточак, аб’яднаны адной тэмай, – адраджэнне чарнобыльскіх тэрыторый.
«Хойніцкія навіны», «Маяк Палесся» (Брагін), «Зара над Сожам» (Карма) і «Прыпяцкая праўда» (Нароўля) разам распрацавалі і стварылі тэматычную выставу, прысвечаную дзейнасці ўнікальнай прыродаахоўнай установы – Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Яго больш чым 30-гадовая работа не была б такой грунтоўнай і разнастайнай без падтрымкі дзяржаўнай улады і, у першую чаргу, Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён увесь час паўтарае: «Мы не маем права аддаць прыродзе ніводнага прыгоднага кавалачка зямлі. Узяць з адселеных тэрыторый максімум карысці і падтрымаць бліжэйшыя раёны – задача першасная». Штогод Прэзідэнт наведвае раёны, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, з той жа паслядоўнасцю дзякуючы рэалізацыі дзяржаўных праграм па пераадоленню трагічных наступстваў аварыі на падтрымку рэгіёна выдзяляюцца немалыя сродкі, не кажучы пра цэлы спіс заахвочванняў для мясцовых жыхароў.
На асабістым кантролі Аляксандра Рыгоравіча эканамічнае развіццё нашых раёнаў, стымуляванне прамысловасці. Дзякуючы гэтаму ў Хойніках сёння робяць пармезан, у Нароўлі прапануюць цукеркі і салодкасці, якія можна ўжываць нават у постныя дні, на Брагіншчыне ў раёне запаведніка летась адкрылі чарговую пасеку, а кармянскі льнозавод не спыняе апрацоўваць лён. Прыклады названай прадукцыі таксама маглі пабачыць госці свята.
Не так далёка ад хойніцкіх журналістаў развярнулі тэматычную пляцоўку работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. «Мележаўскі дворык» – так назвалі сваю выставу нашы творчыя і знаходлівыя бібліятэкары. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства правялі значную этнаграфічную работу: знайшлі інфармацыю пра дзіцячыя гульні, якія былі папулярнымі ў дзетак мінулых стагоддзяў, запрасілі сучасных падлеткаў пагуляць у іх і стварылі па выніках гэтага даследвання кнігу. Усе жадаючыя маглі пагартаць старонкі выдання, абмеркаваць з аўтарамі і ацаніць вынаходлівасць продкаў.
Побач, на Вуліцы майстроў, у вялікай і яркай чарзе рамеснікаў з усёй Гомельшчыны прысутнічалі і хойніцкія рукадзельніцы з раённага Дома рамёстваў. Лепей пабачыць, на што здольныя іх залатыя рукі.
Атмасфера яднання землякоў лунала па Добрушу на працягу ўсяго свята. З лёгкім сумам мы паехалі дадому, але ў памяці яшчэ надоўга застануцца тыя маляўнічыя краявіды, дзе ўсе выхадныя гучалі вершы і проза беларускіх пісьменнікаў і знакамітыя мелодыі любімых песень. Дзякуй табе, Добруш, за незабыўныя моманты. Нізкі паклон, землякі, за душэўную сустрэчу!
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара, Вікторыі МАРОЗ і Алены СМУСЯНОК.