Сучасны рынак сродкаў масавай інфармацыі вельмі шырокі: друкаваныя, электронныя выданні, радыё і тэлебачанне дапамагаюць быць у курсе важных падзей. І кожны з нас сам выбірае спосаб атрымання навін і цікавых фактаў. Хтосьці не ўяўляе свой дзень без свежага нумара газеты, кагосьці прывабліваюць тэлевізійныя рады, нехта давярае палюбіўшымся радыёпраграмам, камусьці па душы штодзённа разглядваць вэб-старонкі.
Журналісты раёнкі імкнуцца стаць непасрэднымі сведкамі самых важных падзей у жыцці Хойнікшчыны. З блакнотам, дыктафонам, фотаапаратам іх можна сустрэць на хлебнай ніве і на ўрачыстым свяце, у вытворчым цэху і на будаўнічых аб’ектах, ва ўстановах адукацыі і ў бальнічных калідорах, спартыўных залах і на канцэртных пляцоўках. Кожны раз, выязджаючы на месца падзеі, мы ідзём да галоўнай мэты: расказаць чытачам аб тым, як жывуць раён, вобласць, наша краіна.
Таму сёння для тых, хто вядзе размову з чытачамі, важныя высокая сацыяльная адказнасць за свае словы, узважаная грамадзянская пазіцыя і сапраўдны прафесіяналізм.
Для гэтага патрабуюцца спецыяльныя веды. Атрымаць спецыяльную адукацыю можна ў Інстытуце журналістыкі пры Белдзяржуніверсітэце. На сёння гэта адзіная навучальная ўстанова ў краіне, дзе рыхтуюцца высокакваліфікаваныя кадры для працы ў СМІ.
Сёлета рэдакцыі раённай газеты прадастаўлена права выдачы мэтавага накіравання на вучобу. Пры ўмове паспяховых вынікаў тэсціравання кандыдат залічваецца на бюджэтную форму навучання ў інстытут па-за конкурсам. Абавязковая ўмова – адпрацоўка пасля заканчэння тэрміну, вызначанага заканадаўствам.
Усю падрабязную інфармацыю аб мэтавай падрыхтоўцы журналісцкіх кадраў можна атрымаць ў рэдакцыі “Хойніцкіх навін” або па тэлефоне 2-11-44.
І. ЛУКАШЭНКА,
галоўны рэдактар раённай газеты “Хойніцкія навіны”.