Спаборнічалі будучыя воіны

Спорт

Турніры па мнагаборству, якія праводзяцца аддзелам адукацыі райвыканкома напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, сталі ўжо традыцыяй. На гэты раз спаборніцтвы праходзілі на базе дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі.

Адкрыццё адбывалася ва ўрачыстай абстаноўцы, права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена юным спартсменам з трэцяй гарадской сярэдняй школы, якія перамаглі ў мнагаборстве летась.

За права быць лепшымі з лепшых змагаліся юнакі ў двух узроставых групах – 15-16 і 17-18 гадоў з адзінаццаці навучальных устаноў раёна. Дысцыпліны мнагаборства – хадзьба на лыжах на дыстанцыі тры кіламетры, падцягванне на турніку і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі.

У кожнай з іх разгарэліся сапраўдныя спартыўныя баталіі за тое, каб і камандам, і выступаючым у асабістым заліку набраць найбольшую колькасць ачкоў. Пры падвядзенні вынікаў высветлілася, што гарадская сярэдняя школа № 3 зноў бясспрэчны лідэр, на другім месцы – гаспадары спаборніцтваў, на трэцім – каманда Судкоўскай сярэдняй школы.

У малодшай узроставай групе гімназіст Дзмітрый Бандарэнка падняўся на першую прыступку п’едэстала гонару з самай большай сумай ачкоў – 106. Толькі на адно ачко адстаў ад яго вучань СШ № 2 Іван Баляхін. На трэцім – Вадзім Чэкан з СШ № 3.

У старэйшай узроставай першае месца прысуджана Андрэю Казыра з трэцяй гарадской сярэдняй школы, другое – Андрэю Пацёмкіну з Паселіцкай СШ, трэцяе – Артуру Сялецкаму з гэтай жа школы.

Вучні трэцяй гарадской сярэдняй школы Сяргей Ходас і Мікалай Цялічка, гімназіст Дзмітрый Бандарэнка прадстаўлялі наш раён на аналагічных абласных спаборніцтвах і дабіліся даволі нядрэннага выніку: з усіх аддзелаў адукацыі вобласці занялі пятае месца.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *