Напярэдадні Дня святога Валянціна ў нашай гімназіі прайшла выстаўка валянцінак, вырабленых рукамі вучняў з розных матэрыялаў, у чым праявілася іх фантазія і ўменні. Пры дапамозе паперы, вязальных нітак, кветачак, банцікаў, бісеру і ваты рабяты стварылі сапраўдныя шэдэўры, якія кожнаму хацелася б атрымаць у падарунак. Лепшымі з лепшых сталі навучэнцы 7 “Б”, 8 “В” і 11 “А” класаў.
А вечарам усіх чакала цудоўнае святочнае шоу пад назвай “Сёмае пачуццё”. Сем чароўных удзельніц – Ірына Барысенка, Ксенія Парынгоўская, Людміла Янчанка, Алена Ходас, Дыяна Гарбар, Яўгенія Літвінка, Юлія Назаранка – змагаліся за сэрца таямнічага незнаёмца (Дзяніс Цвірко). У нялёгкай барацьбе перамагла вучаніца 8 класа Ірына Барысенка.
Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі, а пара, што перамагла, адправілася ў рамантычнае падарожжа.
К. МАРЧАНКОВА,
намеснік дырэктара дзяржаўнай гімназіі
г. Хойнікі па выхаваўчай рабоце.