Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома

Тэрыторыя моладзі

DSC_0027Дом – гэта не сцены і вокны, дом – гэта там, дзе заўсёды разумеюць, вераць, любяць і чакаюць. У гэтым пераконвае прыклад сям’і Журо: Аляксандр і Кацярына сталі мужам і жонкам 11 гадоў назад. На той час нявесце споўнілася 18 гадоў, жаніху – 24.

Дзень, калі заключаецца шлюб, канешне, адметны на ўсё жыццё для маладажонаў.Тады ж, 4 сакавіка, напярэдадні гэтай падзеі прырода-матухна прыпаднесла нечаканы і непажаданы сюрпрыз: выпаў абільны снегапад, дарогі пазамятала, што ўнесла пэўныя карэктывы ў вясельны сцэнарый. У прыватнасці, для таго, каб святочны картэж з Вялікага Бору (карані абодвух маладажонаў з гэтай вёскі) змог своечасова прыбыць у Хойнікі ў ЗАГС на правядзенне ўрачыстай цырымоніі, давялося прасіць тэхніку для расчысткі дарогі. Цяпер аб гэтым успамінаецца з усмешкай, а тады і нявесце, і жаніху, асабліва іх родзічам, давялося пахвалявацца.

Між тым, народная прыкмета сведчыць, калі на вяселле снегапад, то ў пары будзе спрыяльнае сямейнае жыццё, што яскрава відаць на прыкладзе сям’і Журо.
У 2004 годзе нарадзілася дачка Ліза, у 2006 – сын Дзіма, а ў 2011 годзе сям’і нададзены статус мнагадзетнай: у іх з’явіўся яшчэ адзін сын Саша.

Па меркаванню бацькоў, у вялікай сям’і дзеці маюць многія спрыяльныя магчымасці для нармальнага развіцця. Адно з іх дапамагае другому, такім чынам жывуць у атмасферы любві. Як расказала Кацярына, аб тым, колькі мець дзяцей, яна не задумвалася. А вось яе муж акцэнтаваў увагу на трох дзецях і нядаўна прызнаўся жонцы, што ў поўнай ступені адчуў сябе бацькам толькі пасля нараджэння трэцяга малыша.

У 2011 годзе ўсе разам прадстаўлялі наш раён на абласным конкурсе «Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны». І бацькі, і іх дзеці змаглі праявіць усе свае здольнасці і таленты, артыстызм і знаходлівасць, пачуццё гумару і волю да перамогі. Акрамя таго, правялі вялікую падрыхтоўчую работу напярэдадні конкурсу, выканаўшы цікавыя дамашнія заданні ў самых розных відах конкурсу – ад вакальнага да кулінарнага. На памяць аб гэтым мерапрыемстве сям’і ўручаны Ганаровы дыплом і каштоўныя падарункі.

Аляксандр і Кацярына самым розным чынам падтрымліваюць захапленні сваіх дзяцей. Ліза, вучаніца чацвёртага класа СШ № 3, вельмі любіць спяваць, марыць пра сцэну, саліруе ў час правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў у нашым горадзе, а таксама асвойвае музычную адукацыю: азам вакала дзяўчынку ў гуртку цэнтра культуры г. Хойнікі навучала Л.У. Краўчанка, іграць на скрыпцы вучыць у дзіцячай школе мастацтваў педагог Ю.А. Півавар. У 8-гадовым узросце Ліза, выступаючы ў складзе калектыву мастацкай самадзейнасці лясгаса, дзе працавалі яе бацькі, на абласным конкурсе заняла другое месца за выкананне песні «Мама». Другакласнік Дзіма захапляецца спортам – наведвае футбольную секцыю ў школе. Схільнасці малодшага сына яшчэ выразна не праяўляюцца, але што ён любімец усёй сям’і – гэта адназначна.
На працягу сямейнага саюза Аляксандр і Кацярына застаюцца вернымі сваёй прафесіі, хаця планавалі рэалізаваць свае здольнасці зусім ў іншых галінах.

Так, Кацярына заканчвала Рэчыцкае вучылішча нафтавікоў па спецыяльнасці слесара кантрольна-вымяральных пры-бораў і аўтаматыкі. Аляксандр, заўзяты аматар лёгкай атлетыкі, вучыўся ў Гомельскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Аднак лёс павярнуўся так, што моцна-намоцна звязалі сябе нябачнымі ніцямі з лясной гаспадаркай. Дзеля гэтага паклапаціліся аб атрыманні адпаведнай адукацыі, ён закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітетэт, яна цяпер завочна навучаецца ў Полацкім лясным тэхнікуме. Абодва працуюць ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экала-гічным запаведніку: Аляксандр – вядучым інжынерам-лесапатолагам у аддзеле лясной гаспадаркі, Кацярына – лесніком Аравіцкага лясніцтва.

У вырашэнні бытавых умоў муж і жонка Журо разлічваюць на свае сілы, але ж не абыходзяцца без дзяржаўнай дапамогі: гэтай мнагадзетнай сям’і выдзелены льготны крэдыт пад 1% на 40 гадоў, за садзік за малодшага сына належыць 50% скідкі. Дапамагалі на першых кроках стварэння сям’і і дапамагаюць цяпер па сіле магчымасцей дзядулі і бабулі – Журо Юрый Піліпавіч і Надзежда Міхайлаўна, Лагвінец Уладзімір Мікалаевіч і Надзежда Аляксандраўна.

У шэрагу будзённых будняў Аляксандр і Кацярына знаходзяць час для сваіх захапленняў. Маладая жанчына вельмі любіць кветкі, пад вокнамі сваёй кватэры разбіла клумбы, дзе растуць ружы, рамонкі, хрызантэмы, геаргіны, усё тут арыгінальна і з густам аформлена. І гэтая прыгажосць, індывідуальная задумка знаходлівай гаспадыні – сабе на радасць і суседзям на заглядзенне. Аляксандр са спортам не расстаецца, вось і ў прайшоўшым нядаўна ў нашым горадзе кросе, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі, ён заняў першае месца на дыстанцыі 1000 метраў.
Сямейны карабель Журо рухаецца верным курсам, а шчаслівы бацькоўскі саюз – дзецям навука.

Клаўдзія Босак.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *