Штодзень галоўны інжынер райсельгасхарчу Уладзіслаў Аляксандравіч Навічонак бывае на мехдварах гаспадарак раёна, пільна кантралюючы, як абстаяць справы з падрыхтоўкай тэхнікі да жніва. На гэтым тыдні мы напрасіліся ў паездку разам з ім.
Было вырашана пабываць у сельгаспрадпрыемстве імя Мележа, якое з’яўляецца адным з лідараў па гатоўнасці камбайнавага парка.
Стук інструментаў, вымазаныя рукі механізатараў, некалькі разабраных механізмаў – на мехдвары работа кіпіць. З сямі камбайнаў, якія будуць задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі, адрамантаваны ўжо шэсць, ды і апошні «стэпавы конь» хутка далучыцца да астатніх на лінейцы гатоўнасці.
З размовы высвятляем, што ў камбайнераў настрой баявы.
«Хоць заўтра ў поле! Камбайн падрыхтавалі – стаў як новенькі,» – усміхаючыся, гавораць механізатары Міхаіл Кляцоў і Васілій Канапелька. І дадаюць: «Шкада толькі, што ўраджай сёлета пацярпеў». Дарэчы, гэта будзе ўжо пятае сумеснае жніво працавітага экіпажа.
Актуальнымі сёння застаюцца пытанні гатоўнасці і зернесушыльных комплексаў, збожжаскладаў гаспадарак да прыёму новага ўраджаю. Мы пабывалі на зернесушылцы ў вёсцы Тунеўшчына, у цэлым там работа пастаўлена добра, але пэўныя недахопы ўсё ж ёсць, на што ўказаў Уладзіслаў Аляксандравіч.
А завяршылася наша паездка наведваннем кукурузнага поля каля вёскі Хвойнае, дзе праводзілася падкормка пасеваў. Мележаўцы стараюцца, добрых гаспадароў па спраўнай тэхніцы відаць.
Тэкст і фота Наталлі Чэкан.