Кожнае жніво мае свае адметнасці. Здараецца, дажджы цалкам вымочваюць палеткі, а бывае час, калі пануе бязлітасная засуха, як, уласна кажучы, сёлета. Нездарма наш рэгіён лічыцца зонай няўстойлівага земляробства. Але матухна-прырода прывучыла селяніна разлічваць не толькі на міласць нябёсаў, але і рупіцца самому.
Сёлетні сельскагаспадарчы год для хлебаробаў таксама адметны, вельмі няпросты – з надвор’ем не пашанцавала, даводзіцца мірыцца з надакучлівай спякотай і яе наступствамі, якія вельмі дорага нам абыходзяцца. Дожджчык жа парадаваў толькі на гэтым тыдні.
Больш за ўсё пацярпеў рапс – у раёне «выжыла» ўсяго 155 гектараў, а пасеяна было больш за тры тысячы!
Невялікія палеткі з ацалелай гэтай культурай засталіся ў мележаўскіх, судкоўскіх, стралічаўскіх і аграсервісаўскіх хлебаробаў. У апошніх самая вялікая плошча – і тая ўсяго 60 га.
Вось чаму жніво пачалося не традыцыйна з рапсу, а адразу і са збожжавых культур.
У пачатку гэтага тыдня камбайны ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна выйшлі на пшанічныя палі, а велікаборцы пачалі малаціць жыта. Перад камбайнерамі Хойнікшчыны стаіць задача ўбраць 12085 га збожжавых, і хаця колас неахвотна схіляецца да зямлі – трэба сабраць каштоўны скарб, як кажуць, да апошняга зярнятка!
Ураджайнасць пакуль не радуе – у сярэднім 20 ц/га, але апускаць рукі нельга. Як паведамляе «Сельская газета», у нашых суседзяў, самым моцным па ўраджаях сельгаскультур раёне Гомельшчыны – Мазырскім, сітуацыя яшчэ горшая. З кожнага гектара там намалочваюць толькі па 18 цэнтнераў. А падгарэлыя пасевы, як і ў нас, скошваюцца на сілас.
У нашым раёне на жніве задзейнічаны 52 камбайны, адпаведна столькі ж працуе і экіпажаў. Нават пры гарачыні, якая была ў першыя ліпеньскія дні, механізатары не страчвалі пазітыўны настрой, плённа працавалі на палях, натхняючыся бязмежным морам збажыны, тым, як каласы перашэптваюцца паміж сабой…
І хаця пакуль складана рабіць нейкія прагнозы наконт сёлетняга ўраджаю, усё ж варта верыць у лепшае, правесці ўборачную кампанію хутка і арганізавана.
Плённай вам працы, хлебаробы!
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.