На Езапоўскай малочнатаварнай ферме КСУП «Судкова» прайшоў раённы конкурс тэхнікаў-асемянатараў штучнага асемянення, у якім прынялі ўдзел усе прадстаўнікі гэтай у вышэйшай ступені неабходнай у жывёлагадоўлі прафесіі. Удзельнікі конкурсу спаборнічалі як у дэманстрацыі тэарэтычных ведаў, так і ў сваіх практычных уменнях і навыках.
Па выніках усіх конкурсных заданняў першае месца, прычым ужо не ў першы раз, заняў тэхнік-асемянатар КСУП «Веляцін» Аляксандр Аляксандравіч Дземідзенка (на здымку). Яму ж давераны і гонар прадстаўляць наш раён на аналагічным прафесійным конкурсе абласнога ўзроўню, які пройдзе ў жніўні. Другую выніковую суму балаў набрала тэхнік-асемянатар КСУП «Судкова» Людміла Оттаўна Каральчук, а трэцяе месца на гэты раз у актыве яшчэ аднаго вопытнага спецыяліста жывёлагадоўлі Сяргея Васільевіча Латаша з КСУП «Аравічы».
Дарэчы, усе пераможцы конкурсу дамоў вярнуліся не толькі з заслужаным прызнаннем журы і калег па прафесіі, але і з памятнымі і прыдатнымі ў доме прызамі ад райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Так, узнагародай за перамогу ў конкурсе стала мультыварка, другое месца прынесла яе ўладальніцы прыз у выглядзе параваркі, а напамінам аб трэцім прызавым месцы стане хлебапечка.
Далей хацелася б падрабязней расказаць чытачам аб пераможцы конкурсу А.А. Дземідзенку.
Сельгаспадарчае прадпрыемства «Веляцін», дзе ён працуе, стабільна ўваходзіць у лік лепшых гаспадарак раёна па вытворчасці малака. Гэта датычыць як колькасных, так і якасных паказчыкаў. Дасведчаныя ў жывёлагадоўлі людзі ў многім тлумачаць гэты факт добра пастаўленай работай па ўзнаўленню статка. Ды і сам Аляксандр Аляксандравіч таксама не стаў аспрэчваць відавочнага:
– Сёння мы не трацім грошы на закупку нецеляў, а дойны статак папаўняем толькі сваімі цёлкамі. Гэта дазваляе не толькі эканоміць грашовыя сродкі, але і дае магчымасць фарміраваць статак з высокапрадукцыйных кароў. А ў спалучэнні з належным узроўнем тэхналагічнай дысцыпліны гэта прыносіць высокія вынікі.
Аляксандр Аляксан-дравіч Дземідзенка – адзін з самых аўтарытэтных і вопытных зоаветэрынарных спецыялістаў у раёне. У 1983 годзе ён, былы выпускнік Казялужскай СШ, закончыў Рэчыцкі зоаветэрынарны тэхнікум і нават паспеў месяц папрацаваць па выбранай спецыяльнасці ў саўгасе «Судкова». Але надышоў час служыць у арміі, потым быў саўгас «Брагінскі» таго ж раёна. Тут і пачалася для яго сапраўдная практыка па прымяненню атрыманых у тэхнікуме ведаў. Як у любой справе і ў любога навічка, прыйшлі да яго першыя поспехі і першыя расчараванні.
Але грымнуў Чарнобыль, і пасля эвакуацыі, а потым і расфарміравання саўгаса «Брагінскі», пачаўся этап вандроўнага жыцця: разам з жонкай Аленай Арсеньеўнай працавалі і ў Калінкавіцкім, і ў Мядзельскім, і ў Пухавіцкім раёнах. Аднак замацавацца ўсё ж вырашылі на малой радзіме і вярнуліся ў родную вёску жонкі – Паселічы.
Калгас «Рассвет» выдзеліў сям’і жыллё, якое давялі да ладу ўласнымі, умелымі і працавітымі рукамі, і ў якім жывуць яны зараз, вырасцілі трох сыноў.
Кожную раніцу, без выхадных і святаў, у любое надвор’е і час года Аляксандр Аляксандравіч накіроўваецца на работу па даўно выпрацаванаму маршруту: Веляцінская МТФ і ДМБ – Ліствінская МТФ – Пудакоўскі МТК. Пад яго наглядам 1150 кароў і цёлак. Да нядаўняга часу А.А. Дземідзенка працаваў не толькі тэхнікам-асемянатарам, але і ветфельчарам. Але прыйшло ў гаспадарку маладое папаўненне, яму, як жартуе Аляксандр Аляксандравіч, і карты ў рукі. Сам жа ён зараз больш сканцэнтраваны на сваёй асноўнай спецыяльнасці тэхніка-асемянатара штучнага асемянення кароў.
У сваёй спецыяльнасці А.А. Дземідзенка дасягнуў немалых поспехаў. Два гады запар – у 2013 і 2014 гг. – ён станавіўся пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі. Не раз паспяхова ўдзельнічаў у абласных і раённых прафесійных конкурсах. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца шматлікія дыпломы і граматы, нямала захавалася іх і як узнагарод за шматгадовую і бездакорную працу.
Канешне, дапамагаюць у яго рабоце велізарны прафесійны вопыт, глыбокія веды фізіялогіі жывёлы, яе паводзін і звычак. Але немалую ролю ў прафесійных поспехах чалавека маюць і рысы яго характару: працавітасць, сумленнасць, адказнасць. Усе яны ў поўнай меры ўласцівы і Аляксандру Аляксандравічу Дземідзенку.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.
Михалыч, уж через 29 то лет пора бы запомнить, что в Чернобыле ничего не «грымнуло». Город Чернобыль к ЧАЭС, кроме названия, нмкакого отношения не имеет. Я понимаю, что этот оборот употреблен обобщенно, но даже так его писать не надо: режет глаз. А в целом заметка неплохая. Молодец мужик, без выходных и праздников, в любую погоду и в любое время года всего себя посвятить осеменению коров — это не каждому дано.
Рейтинг комментария:00