Дзень 23 лютага з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб ушанаваць тых, хто са зброяй у руках у гады жорсткага ваеннага ліхалецця адстойваў свабоду і незалежнасць нашай краіны, хто сёння вядзе вялікую работу па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
У раённым краязнаўчым музеі адбылася сустрэча са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны М.С. Скрыпчанкам, на якую прыйшлі вучні 3 “А” класа СШ № 3 з класным кіраўніком Р.У. Лазовік, культарганізатарам ГЦКіС “Меліяратар” Т.В. Карповіч і бібліятэкарам гарадской дзіцячай бібліятэкі Г.Я. Ярмоленка.
Дырэктар музея С.А. Шыпілава запрасіла ўсіх на экскурсію па залах гэтай установы, а затым М.С. Скрыпчанка ўспомніў ваенныя будні, выказаў спадзяванне, што дзеці – будучае нацыі – стануць дастойнымі прадаўжальнікамі ўсіх добрых спраў, закладзеных іх дзедамі і прадзедамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі дасылалі ветэрану вайны віншаванні ў форме вершаў.
А. ЭСАУЛЕНКА,
захавальнік фонду
раённага краязнаўчага музея.