У навучальных установах раёна зараз гарачая пара ў прамым і пераносным сэнсах – рамонтныя работы ў самым разгары. Патрэбна паспець да 1 верасня.
У асноўным усё фарбуецца, прыводзіцца ў парадак мэбля, прышкольная тэрыторыя. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аб’ём работы ў гэтым годзе крыху меншы, чым летась, але ўсё ж такі кардынальныя перамены закрануць некалькі ўстаноў адукацыі.
Адна з іх – СШ №3 г. Хойнікі, дзе завяршаецца маштабны рамонт у харчаблоку за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў, спонсарскай дапамогі.
Зараз тут вядзецца мантаж закупленага халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання для прыгатавання ежы, дарэчы, айчыннай вытворчасці. Работнікі гаспадарчай групы аддзела адукацыі, у якой працуюць 11 чалавек, ужо прывялі ў парадак столь, сцены памяшкання, замянілі сантэхніку і электраправодку, на падлозе ўкладзена новая плітка, устаноўлены пластыкавыя вокны. Усё робіцца для зручнасці людзей, якія гатуюць дзецям ежу, для захавання ўсіх патрабаванняў санітарных норм.
Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.