Флэшмоб: на хвалі добрых звычак

Образование Тэрыторыя моладзі

флешмоб

На мінулым тыдні ва ўстановах адукацыі раёна прайшла сапраўдная хваля флэшмобаў па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі, тытунекурэння.

Звычайна гэты рух суправаджаецца стыхійнай арганізацыяй і носіць забаўны характар, але нашы школьнікі падышлі да справы больш адказна, падрыхтаваўшы тэматычныя флэшмобы з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця. Кожная са школ вынайшла свой спосаб, з дапамогай якога арганізатары акцыі рабілі акцэнт на адмове ад шкодных звычак на карысць асабістага здароўя.

Напрыклад, на базе аздараўленчай пляцоўкі «Вясёлка» Судкоўскай сярэдняй школы, каб папярэдзіць негатыўныя з’явы сярод моладзі, 22 удзельнікі валанцёрскага атрада «Здароўе» правялі флэшмоб. Яго дэвізам стаў заклік «Галасуем «ЗА» здаровы лад жыцця». Рабяты распаўсюдзілі інфармацыйныя лістоўкі і памяткі сярод жыхароў аграгарадка Судкова. Для дзяцей і падлеткаў валанцёры арганізавалі спартыўныя спаборніцтвы, конкурс малюнкаў на асфальце і агляд відэаролікаў на тэму здаровага ладу жыцця.

Флэшмоб «Зберажы сябе для жыцця» прайшоў у сярэдняй школе № 2 г. Хойнікі, удзел у ім прынялі 30 вучняў. Перад рабятамі малодшых класаў, якія наведваюць школьны аздараўленчы лагер, валанцёры 7-9 класаў гэтай навучальнай установы выступілі з гутаркамі на тэмы «Міфы пра курэнне», «Што губіць здароўе і руйнуе жыццё», «Наркатычны дурман». Вучні 8-9 класаў знялі відэаролік «Мы супраць…», які прадэманстравалі юным гледачам. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі на памяць буклеты «Зберажы сябе для жыцця», а таксама распаўсюдзілі сярод жыхароў бліжэйшых вуліц лістоўкі «Моладзь – супраць! Падтрымайце нас!»

У СШ № 3 навучэнцы правялі танцавальны флэшмоб, паўдзельнічаць у ім маглі ўсе жадаючыя. Сабралася 25 чалавек, у ліку якіх наведвальнікі лагера працы і адпачынку, прышкольнага аздараўленчага лагера «Крепыш» і члены валанцёрскага атрада. Некалькі простых рухаў, дынамічная мелодыя і юнацкі задор – вось іскрамётны танец і гатовы. Школьнікі паглядзелі відэаролікі «Шкода курэння», «Зялёны змей», «Спайс зводзіць з розуму». Таксама прайшоў конкурс малюнкаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *