Васьмікратныя чэмпіёны вобласці

Спорт

З 1999 года хойніцкія рабяты прымаюць удзел у спаборніцтвах юных хакеістаў клуба “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адзначым, што за гэты час каманда ніколі не апускалася ніжэй другога месца. Больш таго, у 8 з 11 абласных фіналаў хайнічане выходзілі пераможцамі турніру.

Не стаў выключэннем і фінал 2010 года, гульні якога прайшлі ў гомельскім Лядовым палацы з 28 лютага па 3 сакавіка. На папярэднім групавым этапе нашы землякі без праблем разабраліся з камандамі Петрыкава (7:0) і Акцябрскага (6:1) і сталі пераможцамі групы.

У другой групе, дзе спаборнічалі хакеісты з Жыткавіч, Брагіна і Добруша, пуцёўку ў фінал  заваявалі нашы суседзі – каманда Брагіна. Фінальны паядынак стаў бенефісам хайнічан: на 5 пераможных шайб нашых землякоў сапернікі адказалі толькі адзінай шайбай прэстыжу, і на табло па заканчэнні матча так і застаўся пераможны для нас лік – 5:1. Такім чынам, выхаванцы трэнераў Аляксандра Вяргейчыка і Рамана Лобана ў чарговы раз пацвердзілі ганаровую пераможную традыцыю.

У гэты ж час і ў тым жа палацы праводзіўся і фінал сярод гарадскіх каманд. Тут не было роўных рабятам з Чыгуначнага раёна горада Гомеля, якія ўсе свае гульні завяршылі з разгромным лікам: 15:0 – перамога над Калінкавічамі, 14:2 – над Жлобінам, 13:1 – над хакеістамі Савецкага раёна г. Гомеля і 11:2 – над камандай Цэнтральнага раёна Гомеля. Таму адразу ўзнікла ідэя аб тым, каб памерацца сіламі чэмпіёнам вобласці сярод сельскіх і гарадскіх каманд. У гэтым неафіцыйным паядынку хайнічане далі сапраўдны бой грознаму саперніку, але ўсё ж уступілі больш вопытным “чыгуначнікам” з дастойным лікам 4:7.

На гэтым турніры выдатна згуляла ўся каманда, але ж найбольш важкі ўклад у перамогу ўнеслі варатар Станіслаў Турчанок, абаронца Уладзімір Мартыненка, нападаючыя Дзмітрый Ядчанка і Юрый Хадасок.

Цяпер юных хакеістаў нашага горада чакае “Бабруйск-Арэна” – менавіта ў гэтым старажытным горадзе на Бярэзіне ў канцы сакавіка пройдзе фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў. Удачы!


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымку: хакейная каманда раёна з трэнерам А.Л. Вяргейчыкам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *