Сёння ў нашай краіне многае робіцца для развіцця прыватнага прадпрымальніцтва. Недзяржаўныя гандлёвыя кропкі складаюць сур’ёзную канкурэнцыю магазінам райспажыўтаварыства. Каб не згубіць сваіх пакупнікоў, трэба пастаянна «падсілкоўваць» іх інтарэс – зніжаць кошт тавараў, пашыраць асартымент, прапаноўваць розныя акцыі, навінкі. Над гэтым і працуюць работнікі райпо.
Нядаўна ў некаторых магазінах нашага горада былі створаны дадатковыя фірменныя секцыі тавараў айчынных вытворцаў, а дакладней кажучы, нашай вобласці. Так, у гандлёвай кропцы «Будматэрыялы» цяпер прадстаўлена вялікая колькасць шпалер. Гэта прадукцыя вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельшпалеры». Да слова, яго тавары карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам на спажывецкіх рынках многіх краін. Зараз і ў хойніцкіх пакупнікоў ёсць шырокі выбар: шпалеры, як кажуць, на любы густ: розныя па колеру, памеру і саставу.
А магазін «Гаспадарчыя тавары» цяпер аптымальны варыянт для стварэння камфорту і выгоды ў вашым доме, бо тут створана фірменная секцыя мэблі – знаёмага многім Калінкавіцкага мэблевага камбіната, а таксама Мазырскага дрэваапрацоўчага камбіната і Ельскай мэблевай фабрыкі (да слова, з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам крэслаў з драўлянага масіву ў Беларусі). На ўсю прадукцыю зніжана гандлёвая надбаўка, таму пакупнікі адчуюць выгаду. Акрамя таго, мэблю можна набыць у крэдыт або са скідкай, калі яна падпадае пад нейкую акцыю.
Эксклюзіўная мэбля прадстаўлена цяпер і ў магазіне «Дарожны», але тут яна ўжо вытворчасці «Гомельдрэў» і «Рэчыцадрэў». Па якасці тавары, якія вырабляюцца на Гомельшчыне, ні чым не саступаюць замежным аналагам, а вось па кашальку ўдараць менш. Таму, калі будзе вольная хвіліна, зазірніце ў вышэйпералічаныя магазіны, каб азнаёміцца з навінкамі. Пажадана, каб у адным з іх знайшлося месца і для секцыі мэблі, вырабляемай у нашым горадзе на КПУП «МебельДревТорг».
Наталля ЧЭКАН. Фота аўтара.