Маладыя спецыялісты. Праз год

Тэрыторыя моладзі

Год назад мы рыхтавалі тэматычную старонку пад назвай «З горада ў вёску? Лёгка!», дзе расказвалі пра трох маладых спецыялістаў, якія прыехалі з розных гарадоў на адпрацоўку ў наш раён. І вось цяпер мы вырашылі высветліць, што змянілася ў іх за гэты час, як яны жывуць зараз?

IMG_0994Вадзім Пархоменка, галоўны ветэрынарны ўрач КСУП імя Мележа:
– Памятаецца, калі год таму вы пра мяне пісалі, дык зазначалі, што добрая пасада ёсць, засталося атрымаць дом, службовую машыну і знайсці дзяўчыну. Значыць так: жыллё нядаўна выдзялілі, але наваселле яшчэ не гуляў, бо там пакуль няма святла і газу. Што датычыць аўтамабіля, дык паспеў набыць ужо нават і ўласны. Ну а наконт дзяўчыны, гэта таксама пытанне вырашанае. Таму можна лічыць, што «план» за год выканаў на 100 працэнтаў. У цэлым мяне ўсё задавальняе, хаця, зразумела, што клопатаў хапае ў рабоце. Ніколькі не шкадую, што прыехаў з Віцебска працаваць менавіта на Хойнікшчыну.

IMG_0166Сяргей Міцура, галоўны эканаміст райсельгасхарчу:
– Што ж у меня змянілася? Напэўна, самыя значныя змены за гэты год былі, калі я часова выконваў абавязкі дырэктара КСУП «Велікаборскі». Што ні дзень – новы вопыт. Пастаянна, як вавёрка ў коле, хаця і на маёй цяперашняй пасадзе работы шмат, але тады жыццё было надзвычай насычаным. Многа новага адкрыў для сябе ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, наогул адпрацоўка ў Хойніцкім раёне для мяне – выдатная школа.
А так, жыву па-ранейшаму ў прадастаўленай летась кватэры сацыльнага шматпавярховага дома па вуліцы Савецкай. Хойнікі – вельмі прыгожы горад, мне тут камфортна, адзінае чаго не хапае – гэта месцаў для адпачынку.

IMG_8802Кацярына Аўсяннікава, галоўны эканаміст КСУП «Аравічы»:
– Год праляцеў вельмі хутка, я нават і не заўважыла. У першую чаргу, канешне, за гэты час набралася прафесійнага вопыту. Лічу, што нягледзячы на любыя цяжкасці, трэба змагацца. Вось як у прытчы пра жабяня, якое змагло выбрацца са жбана са смятанай, таму што, бесперапынна дрыгаючы лапкамі, узбіла з яе масла. Усім маладым спецыялістам раю ніколі не падаць духам. Работа мне падабаецца, загадваць не люблю, але варыянт застацца пасля адпрацоўкі на Хойнікшчыне, канешне, разглядаю. Працягваю навучанне ў Гомельскім тэхнічным універсітэце імя П.А. Сухога. Вольны час прысвячаю падрыхтоўцы да сесіі, а таксама люблю адпачываць за вязаннем.

Апытвала Наталля ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *