Пра цікавыя мянушкі і Табульскі мост

Вёсачка мая

IMG_1628У водпуску я сёлета яшчэ не была, таму кожнае, няхай і не працяглае, знаходжанне на прыродзе – як лекі для душы. Акунаешся ў цудоўнае вясковае, лясное, прырэчнае лета… і, эх, як хочацца спыніць імгненне!

Гэта ж такі духмяны час, сенакосны: кветкі, налітыя сокам яблыкі, травы цвітуць і пахнуць. І людзі такія простыя, шчырыя. Так цікава пачуць, як мужчыны клічуць адзін аднаго на ўсю вуліцу, гучна вырашаюць нейкія пытанні, а бабулі пра жыццё-быццё «пераціраюць» на лавачках. Як юнакі, закінуўшы на плячо вудачкі, ідуць у бок рэчкі, а дзяўчаты ў цені дрэў заплятаюць адна другой косы. Менавіта так, павольна, цячэ жыццё ў вёсцы Хвойнае, куды мы «прычалілі» на гэты раз.
Іду па вуліцы, углядаюся ў вясковыя пейзажы і раптам заўважаю мыццё адзення. Гараджане прывыклі да пральных машын, а тут замест барабана тазік з вадой ды адцісканне ручное. Падыходжу бліжэй і знаёмлюся. Гэта Валянцін Шэлкоўскі і яго сястра Любоў. Абодва карэнныя жыхары Хвойнага, але жанчына ў апошні час жыве ў Мазыры, часта наведвае брата, каб дапамагчы яму па гаспадарцы.

IMG_1574«Раней у нас вялікая вёска была: магазін меўся, лазня, малочнатаварная ферма, школа-васьмігодка, клуб, які нядаўна закрылі», – расказваюць мае суразмоўцы, – дарэчы, ходзяць чуткі, што клуб зносіць збіраюцца, дык мы ўсе вельмі супраць – такі ж добры будынак. У нас у вёсцы дамы старыя руйнуюць – гэта справа добрая, а вось гэтага памяшкання шкада».

IMG_1575Цяпер хвойнаўскія вучні ходзяць у Слабажанкую школу, а колішнюю краму замяняе аўталаўка, да слова, іх тут ходзіць дзве – калінкавіцкая і хойніцкая. Але жыхарам больш падабаецца нашага райспажыўтаварыства, бо асартымент яе большы. Калі гаворка пайшла пра ежу, успомнілі беларускае бела-ружовае з мяснымі пражылкамі сала, халаднік з маладога бацвіння, дранікі…
А яшчэ цікава было даведацца пра мясцовыя мянушкі. У размове Валянцін Шэлкоўскі ўзгадаў некага «Дудулю». Пытаюся, хто гэта? Аказваецца, тут так называюць Аляксандра Бяляўскага, які яшчэ нядаўна быў загадчыкам клуба (дарэчы, узначальваў гэту ўстанову культуры 28 гадоў). «А як вас называюць?», – пытаюся ў Валянціна Адамавіча. «Бэндзік!», – усміхаючыся адказвае ён. – Аднойчы ніхто не мог падняць вялікую дубовую бочку, а я змог, з тых часоў і пачалі даваць розныя мянушкі ад слова «бандар», а прыжылася вось гэта».

IMG_1585Вельмі цікава было гутарыць з новымі знаёмымі, але ў іх мыццё закончылася, ды і мне трэба было рухацца далей, каб пазнаёміцца з іншымі жыхарамі. Доўга крочыць не прыйшлося. На лавачцы заўважаю двух бабулек, прысаджваюся да іх. Гэта Вольга Тагай і Соф’я Бяляўская. Яны расказалі мне, што цяпер жыхароў у Хвойным засталося крыху больш за семдзесят, а раней было каля чатырохсот. Толькі ў мясцовую школу хадзіла дзвесце дзяцей. «Быў час, калі ў вёсцы за год нараджалася па 16 немаўлят, – узгадвае Вольга Рыгораўна, – я памятаю, бо ўсё жыццё адпрацавала на ФАПе». Дзевятнаццацігадовай дзяўчынай яна пасля заканчэння Чарнобыльскага медыцынскага вучылішча прыехала сюды працаваць. Гэта быў 1958 год. З таго часу пяцьдзесят гадоў лячыла вяскоўцаў, аддавала ўсю сябе любімай справе. На пенсію пайшла амаль у семдзесят гадоў. Жанчына з настальгіяй узгадвала, што фельчарска-акушэрскі пункт знаходзіўся ў прыватным доме, а потым для яго пабудавалі новы будынак.

IMG_1593А ў вольны час яна любіла займацца самадзейнасцю, дарэчы, як і Соф’я Уладзіміраўна. Бабулі расказалі пра свае творчыя гастролі па вёсках нашага раёна, а таксама паездкі з канцэртамі ў Брагін, Рэчыцу.

IMG_1603Раней жыццё ў Хвойным «кіпела», але і зараз пра населены пункт не забываюць: непадалёку ад дома, каля якога мы гутарылі, дарожнікі якраз праводзілі ямачны рамонт – дарога будзе лепшая. Чатыры разы на тыдзень у райцэнтр ходзіць рэйсавы аўтобус, па словах жыхароў, дабірацца зручна.
У вёсцы жывуць 16 дзяцей, ёсць дзве шматдзетныя сям’і – Бяляўскіх і Абрамавых. А вось самыя старэйшыя жыхары – Анэля Салянка і Таццяна Глушакова, ім ужо за дзевяноста.
На жаль, адкуль пайшла назва вёскі, ніхто патлумачыць не змог, хаця можна здагадацца, што, напэўна, вакол былі вялікія хваёвыя лясы. Затое распавялі пра Табульскі мост, які ў іх ёсць. Лічыцца, што ў гэтых мясцінах жыў пан па прозвішчы Табулка, у гонар яго мост і назвалі.
Прыемна было пагутарыць з жанчынамі, але трэба развітвацца. «Ну вось і пра нашу вёсачку напішуць, надышла чарга», – кажуць мае субяседніцы. – Мы пра ўсе вашы вандроўкі чытаем і наогул «Хойніцкія навіны» чакаем як Бога!». І гэтыя апошнія словы так кранулі мяне, што, ведаеце, ужо толькі дзеля іх варта працаваць…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *