Чарговую гадавіну заснавання нашага горада бліскуча адзначылі ў мінулую суботу. Мерапрыемства ўвабрала ў сябе мноства сімвалічных і важных для горада падзей.
Пачалася ўрачыстая частка свята, па традыцыі, на плошчы Леніна. Адкрыў яе старшыня райвыканкама А.І. Ціток, цёпла павітаўшы гасцей і жыхароў Хойнік. У выступленні ён закрануў тыя станоўчыя дасягненні, якіх агульнымі намаганнямі дасягнулі хайнічане ў розных галінах народнай гаспадаркі. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што сёння Хойнікі дынамічна развіваюцца дзякуючы людзям, якія адданы сваёй справе. На сцэну для ўрачыстага ўзнагароджвання запрасілі лепшых з лепшых. Ганаровай граматы Гомельскага аблвыканкама ўдастоены вадзіцель ПАВЧ № 1 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях У.Ф. Афанасенка за кваліфікаваныя дзеянні па ліквідацыі пажара на тэрыторыі запаведніка.
Словы віншавання і падзякі хайнічанам выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан, перадала афіцыйнае віншаванне ад пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання, чарнобыльскай катастрофы, у склад якой яна ўваходзіць.
Ганаровыя граматы Хойніцкага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства і актыўную жыццёвую пазіцыю ўручылі начальніку планава-эканамічнага бюро Хойніцкага завода гідраапаратуры Г.В. Краўчанка, трэнеру-выкладчыку СДЮШАР г. Хойнікі А.М. Лук’яненку, лесніку Паселіцкага лясніцтва Хойніцкага лясгаса І.У. Нікалаеву, ляснічаму Радзінскага лясніцтва запаведніка Г.Е. Раманоўскаму.
Затым старшыня райвыканкама А.І. Ціток і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ж.М. Чарняўская ўручылі Ганаровую грамату Хойніцкага райвыканкама і каштоўны падарунак трактарысту-машыністу КСУП «Судкова» А.В. Волкавай за актыўную жыццёвую пазіцыю і значны асабісты ўкладу сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.
Са сцэны агучылі і вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і эстэтычнае афармленне падворкаў работнікаў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна ў 2015 годзе. Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ўзнагароджаны: за трэцяе месца – Міхаіл Іванавіч і Ніна Пятроўна Тагай, якія пражываюць у в. Слабажанка, за другое – Сяргей Аляксандравіч і Наталля Уладзіміраўна Кавалёвы з аграгарадка Стралічава, за першае месца – Аляксандр Аляксандравіч і Людміла Мікалаеўна Бельскія. Іх добраўпарадкаванае домаўладанне знаходзіцца ў Хойніках па вул. Малішаўская, 142.
Пераможцам конкурсу ў намінацыі «Лепшы ветэранскі падворак» прызнаны жыхары дома па вул. Будзённага, 27, г. Хойнікі Анатолій Сяргеевічі Валянціна Аляксееўна Кірэйчык.
Прыемным момантам свята стала ўручэнне ключоў ад кватэр у навабудоўлі па зав. Катоўскага райцэнтра. Першымі, хто атрымаў іх, сталі фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі ЦРБ Н.А. Ходас, фельчары-лабаранты клініка-дыягнастычнай лабараторыі ЦРБ Т.С. Бельская і А.У. Сухоцкая, выхавальнік ясляў-сада № 2 Н.У. Кудрыцкая, выхавальнік Віцьеўскай СШ М.А. Талюк, настаўніца пачатковых класаў Віцьеўскай СШ А.У. Новікава, настаўніца англійскай мовы СШ № 1 г. Хойнікі І.А. Літаш, сацыяльны педагог СШ № 1 К.У. Бураўцава, старшы інспектар аддзела лясной гаспадаркі і аховы запаведніка В.М. Шкурацецкі, інжынер па механізацыі працаёмкіх працэсаў жывёлагадоўлі КСУП «Судкова» М.В. Судзенка, інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі КСУП «Аравічы» К.А. Бакціярава, ляснічы Паселіцкага лясніцтва Хойніцкага лясгаса І.К. Гарбарук, майстар лесу Дубровіцкага лясніцтва Хойніцкага лясгаса Я.С. Чэкан.
Традыцыйна свята ярка падкрэслівалі выступленні артыстаў мастацкай самадзейнасці раёна і заслужаны калектыў эстраднага танца ЦТДіМ «Драйв».
Пасля ўрачыстай часткі ўсіх прысутных запрасілі ў гарадскі парк. Калейдаскоп самых разнастайных відаў адпачынку на любы густ паглынуў хайнічан і гасцей горада. Тут былі горад майстроў, дзіцячыя атракцыёны, выстаўка льнянога адзення, бяспройгрышная латэрэя, гандлёвыя павільёны.
Уздоўж цэнтральнай паркавай дарожкі размясціліся выстаўкі хатніх пітомцаў, побач раскінулася выстаўка садавіны і агародніны, а таксама стравы па рэцэптах мясцовых гаспадынь.
Медработнікі праводзілі акцыю па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў.
А якімі прыгожымі былі падворкі сельсаветаў раёна – імправізаванае першабытнае селішча з Барысаўшчыны, Паселіцкі дыскаклуб «У Нічыпара», Стралічаўскі пчаліны вулей, Алексіцкі кветкава-садавінны кактэйль, экспазіцыя велікаборскіх вышываных шэдэўраў і падворак «Агародыч» з Судкова. Быццам ажылі сярэдневяковыя рыцары ў даспехах… Арганізатары маштабнага мерапрыемства прадугледзелі ўсё, каб ніхто не сумаваў.
Адначасова каля будынка музея, на стадыёне адбыліся спартыўныя спаборніцтвы.
На сцэне амфітэатра праходзілі тэматычныя канцэрты: шэраг яркіх выступленняў, аб’яднаных адной тэмай – «Свет дзяцінства», адкрылі юныя таленты нашага раёна. Далей аматараў шансона сабрала мерапрыемства «Гуляй, горад!», дзе знаёмыя і любімыя народам песні выканалі дарослыя артысты самадзейнасці.
Свята ў амфітэатры завяршылася гумарыстычным канцэртам «З усмешкай па жыцці», дзе гледачоў весялілі жартоўнымі песнямі і камічнымі сцэнкамі.
Увечары на галоўнай плошчы горада прайшла рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!».
Павіншаваць з днём нараджэння наш любімы горад, а таксама яго жыхароў прыехалі таленавітыя фіналісты рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Новыя галасы – для любімай краіны». Падчас канцэртнай праграмы на адной сцэне з маладымі выканаўцамі выступілі і зоркі беларускай эстрады – дуэт «Аляксандра і Канстанцін» і Саша Нэма.
Яркім момантам вячэрняга мерапрыемства стала ўшаноўванне працоўных дынастый Хойнікшчыны, агульны працоўны сямейны стаж якіх складае ад 100 да 109 гадоў! Кветкі і каштоўныя падарункі атрымалі сем’і Хаванскіх, Галеня, Анісенка.
Са словамі падзякі ў гонар працавітых сем’яў раёна звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская і старшыня Хойніцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Н.М. Малаш.
У рамках канцэрта адбыўся сімвалічны абмен падарункамі: удзельнікі канцэрта ўручылі хайнічанам сувенірных «Белых буслоў», а ад жыхароў Хойнік атрымалі сувенірную прадукцыю з выявай герба нашага горада і самабытнага Дамавічка.
Добрымі трэкамі парадаваў хойніцкую публіку DJ Аля.
Кульмінацыяй свята стаў феерверк, які яркімі залпамі афарбаваў неба над Хойнікамі – такім прыгожым горадам-імяніннікам, горадам са сваімі традыцыямі і працавітымі людзьмі, родным горадам…
На падставе рашэння Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 28.08.2015 г. № 47 Хойніцкі раённы Савет дэпутатаў вырашыў за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё эканамічнага патэнцыялу раёна, арганізацыю работ па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на тэрыторыі раёна, папярэджванню і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, плённую работу з прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі раёна і актыўную жыццёвую пазіцыю прысвоіць званне «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна» старшыні райвыканкама Цітку Аляксандру Іванавічу. Адпаведны Дыплом і пасведчанне яму ўручыла на Дні горада старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар.
Да таго ж, за прафесійныя дзеянні, добрасумленнае выкананне пасадавых абавязкаў, мабілізацыю ўсіх сіл і сродкаў раёна на барацьбу з пажарам на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка кіраўніку раёна А.І. Цітку ўручана Ганаровая грамата Гомельскага аблвыканкама.
Значны ўклад у святкаванне Дня горада ўнеслі мясцовыя жыхары і прадпрымальнікі. Так, работнік запаведніка Д.І. Міхед за ўласныя сродкі арганізаваў выступленне на канцэртнай пляцоўцы DJ Аля (г. Гомель).
Спонсарамі святочнага феерверка сталі прыватныя прадпрыемствы: ПГУП “Продвагон”, СФГ “Соевый век Полесья”, ПВГУП “ВАК-Торг”, ТДА “Хойники-Маркет”, “Мильфей”, “Хойники-Люкс” і інш.
Матэрыялы падрыхтавалі Алеся ЯЧЫЧЭНКА і Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтараў.