Як жывеш, малады спецыяліст?

Сельское хозяйство Тэрыторыя моладзі

IMG_8861Як маладых спецыялістаў сельскай гаспадаркі сустрэлі на першым працоўным месцы, якія праблемы іх хвалююць, у якіх умовах яны жывуць? У час традыцыйных рэйдаў гэта высвятлялі галоўны спецыяліст па кадрах райсельгасхарчу С.Ш. Мусаева, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка і журналіст раённай газеты «Хойніцкія навіны».

У ЦЕСНАЦЕ, ДЫ НЕ Ў КРЫЎДЗЕ

IMG_8828Вы не звяртайце ўвагу на невялікі беспарадак, у нас тут рамонт, – крыху бянтэжачыся, гаворыць Алена Шубянок і праводзіць нас у дом. Дзяўчына родам з Брагіншчыны, у наш раён прыехала пасля заканчэння Рэчыцкага аграрнага каледжа па ўласнаму жаданню. Цяпер працуе заатэхнікам на новым малочна-таварным комплексе «Пудакоў» КСУП «Веляцін».

IMG_8885«Не падумайце, у гаспадарцы падрыхтаваліся да нашага прыезду, у тым ліку жыллё, але я хацела на свой густ аформіць пакой, у якім буду жыць», – зазначае Алена, дэманструючы новыя шпалеры.

IMG_8808 «Вось тут наша кухня, дарэчы, у доме жывуць яшчэ два юнакі, ежу гатуем па чарзе, то я іх кармлю, то яны мяне частуюць», – праводзячы экскурсію, расказвае гаспадыня дома. «Там пакой хлопцаў – Уладзіслава Рыбакова і Антона Захаранкі, а гэта мая спальня. Жывём вельмі дружна. Наогул мне тут падабаецца. Калектыў цудоўны, а комплекс які выдатны! Мне ажыццявілі ўсе неабходныя выплаты, да таго ж, за сем працоўных дзён атрымала «чыстымі» мільён сто рублёў. Лічу, што гэта вельмі нядрэнна».

IMG_8838Прыемна было пагутарыць з Аленай. Добра, калі маладыя спецыялісты такія пазітыўныя. Яна запрасіла нас у госці пасля таго, як закончыць рамонт. Што ж, абавязкова завітаем, а пакуль заглянем да яшчэ адных новых веляцінскіх работнікаў. Да слова, і ў першым, і ў другім доме стаіць новая мэбля, якую сельгаспрадпрыемства набыло на КВУП «МебельДревТорг». Гэта сталы, крэслы, ложкі, кухня, шафы.

IMG_8888А для некаторых маладых спецыялістаў купілі нават веласіпеды, каб ім было зручна дабірацца да работы.
Дзмітрый Панасевіч працуе інжынерам-электрыкам.

IMG_8856Закончыў Буда-Кашалёўскі аграрны каледж, і сам выбраў КСУП «Веляцін» першым месцам работы. А паспрыялі сябры, ад якіх ён чуў шмат добрых водгукаў аб нашым раёне. І лічыць, што не прагадаў. У суседнім пакоі жыве сямейная пара – малады спецыяліст Крысціна Карнішына і яе муж Уладзімір, але дома іх не засталі. Мы пажадалі Дзіме таксама знайсці другую палавінку і замацавацца на Хойнікшчыне.

 

У ПРАСТОРЫ, АЛЕ НЕКАТОРЫЯ БЕЗ ГАЗА І СВЯТЛА

IMG_8915Хутка будзе два гады, як Вольга Ярац працуе ў эксбазе «Стралічава» аграномам. Тэрмін адпрацоўкі з дня на дзень заканчваецца, а дзяўчына звальняцца з гаспадаркі не спяшаецца, наадворот, з задавальненнем застаецца тут надалей.

IMG_8918

IMG_8897

IMG_8891Зараз Вольга завочна вучыцца ў Калінкавіцкім філіяле Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У доме, які выдзеліла сельгаспрадпрыемства адразу, як яна прыбыла на работу, вельмі ўтульна. Але планаў па афармленню інтэр’ера ў дзяўчыны яшчэ шмат, дык няхай усе задумы здзяйсняюцца.

IMG_8959А вось Дзмітрыю Рабянку, які жыве ў суседнім доме, дызайнерскія ідэі ўвасобіць складаней. Па-першае, у пакоях няма святла, па-другое, адсутнічае газ (харчуецца малады чалавек у гаспадарцы), да таго ж, месцамі працякае дах і правальваецца падлога. Хаця сам юнак на недахопы не скардзіўся, наадварот хацеў іх утаіць. Родам ён з Васілевічаў, закончыў Рэчыцкі аграрны каледж і зараз працуе заатэхнікам-селекцыянерам. Зазначае, што яму вельмі дапамагаюць старэйшыя калегі. Вольны час Дзіма прысвячае спорту: бегае, займаецца на турніках і брусах. А яшчэ любіць чытаць, наведвае бібліятэку, на стале яго пакоя якраз ляжалі нядаўна ўзятыя кнігі. Але як чытаць, калі святла няма? Гэта нікуды не варта!

IMG_8942

IMG_8946

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *