ПРАВОДЗІЦЦА ЦЕПЛАВАЯ МАДЭРНІЗАЦЫЯ ДОМА № 4 ПА ВУЛІЦЫ К. МАРКСА
Згодна з Тытульным спісам капітальнага рамонту жыллёвага фонду Хойніцкага раёна на 2015 год, вядуцца работы па капітальнаму рамонту з элементамі цеплавой рэнавацыі двухпавярховага жылога дома па вул. К. Маркса, 4 райцэнтра.
Як паведамілі ў КЖУП «Хойніцкі камунальнік», работы на аб’екце выконвае па дагавору падрада Хойніцкая ПМК. Усяго плануецца асвоіць каля 500 млн. руб. з адлічэнняў грамадзян на капітальны рамонт. Уцяпляюць дом пенаполістыролам з рассечкамі мінеральнай ватай. Ён з’яўляецца экалагічна чыстым матэрыялам. Да прыкладу, большасць фасаваных прадуктаў у магазінах выкладваецца менавіта на пенаполістырольныя падносікі. Ён не распластоўваецца, не ўпітвае вільгаць, стабільны па трываласці многія дзесяцігоддзі і практычна не пагаршае сваіх цеплаізаляцыйных уласцівасцяў.
НА БЯГУЧЫ РАМОНТ ГАНДЛЁВЫХ КРОПАК ЗРАСХОДАВАНА АМАЛЬ 250 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ
Як праінфармавала першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Т.П. Саханькова, для павышэння ўзроўню абслугоўвання пакупнікоў райспажыўтаварыствам у ліку іншых мер стаўка робіцца на правядзенне бягучых рамонтаў. Работы гэтыя, як правіла, выконваюцца, уласнымі сіламі і за ўласныя сродкі райпо.
Толькі ў сёлетнім годзе выраблены шыферны дах магазіна № 45 у аграгарадку Храпкаў (на здымку).
Праведзена атынкоўка і афарбоўка тамбура ўваходнай групы магазіна № 23 ў Велеціне. Гэтае ж зроблена і для магазіна № 58 аграгарадка Вялікі Бор. Тут жа ў сувязі з наступствамі ўраганнага ветру быў праведзены рамонт агароджы магазіна № 43.
Усе работы па бягучаму рамонту гандлёвых кропак райпо якасна праводзяцца калектывам будаўнічай брыгады, якую ўзначальвае Уладзімір Піліпавіч Кавальчук.
З пачатку года на гэтыя мэты райспажыўтаварыствам зрасходавана 243,8 млн. рублёў.
МЯНЯЮЦЦА ВОКНЫ Ў ШКОЛАХ РАЁНА
У сярэдняй школе № 3 г. Хойнікі за кошт сродкаў замежнага дабрачынніка замянілі 65 старых аконных блокаў на пластыкавыя, якія дазволяць зберагчы цяпло і выдатна справяцца з шумаізаляцыяй. Работы праводзіліся гаспадарчым спосабам і ахапілі ўсе класы малодшага звяна. Пачаты яны былі сёлета ў канцы жніўня і выкананы вельмі хутка – менш чым за 2 тыдні.
Аналагічныя работы па замене вокнаў і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы праводзяцца і ў Слабажанскай базавай школе. Тут у хуткім часе завершыцца ўстаноўка 23 вокнаў.
РЭАЛІЗУЮЦЦА ПРАЕКТЫ ПА ПРАЦОЎНАЙ АДАПТАЦЫІ МАЛАДЫХ ІНВАЛІДАЎ
У Хойніцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рэалізуюцца два праекты ў рамках кампаніі па працоўнай і сацыяльнай адаптацыі маладых рабят – наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў з мэтай набыцця імі прафесійных ведаў, уменняў і працоўных навыкаў.
Меў магчымасць заробку 20-гадовы Вадзім Данчанка, рамантуючы кнігі з фондаў цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэк. А 26-гадовы Уладзімір Тароткін на год працаўладкаваны вартаўніком-вахцёрам у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў.
Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л.Ф. Белаш, на фінансаванне гэтых праектаў на рахунак упраўлення сёлета паступіла 50 мільёнаў рублёў з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Зрасходавана ўжо на гэтыя мэты 33,5 млн. рублёў.
КАМП’ЮТАР У ПАДАРУНАК ПРАФСАЮЗНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ КСУП ІМЯ МЕЛЕЖА
Больш за 10 гадоў пярвічную прафсаюзную арганізацыю КСУП імя Мележа ўзначальвае Аляксандр Міхайлавіч Карніцкі. І ўвесь гэты час ён як старшыня пярвічкі і як інжынер па ахове працы ў гэтай гаспадарцы заслугоўвае толькі слоў пахвалы. Дарэчы, за выніковую работу па ахове працы двойчы атрымліваў Дыпломы другой ступені на адпаведных рэспубліканскім і абласным конкурсах сярод пярвічных прафсаюзных камітэтаў.
Для далейшай плённай работы, аблягчэння працы ў плане вядзення шматлікай дакументацыі Гомельская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу набыла нядаўна для пярвічкі КСУП імя Мележа сучасны камп’ютар у зборы.
Навіны збіралі Клаўдзія БОСАК, Ірына ЛУКАШЭНКА, Алена СМУСЯНОК.