Шаўковы шлях Марыны Ульяніцкіх

Тэрыторыя моладзі Увлечения хойничан

DSC_0073Хойніцкая мастачка Марына Ульяніцкіх зацікавілася такім відам мастацтва, якім у старажытнасці займаліся толькі дзяўчыны з арыстакратычных сем’яў Далёкага Усходу.

DSC_0003На працягу пяці гадоў яна працуе выкладчыкам мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Малады педагог вучыць школьнікаў маляваць у розных жанрах і выкарыстоўваць розныя тэхнікі жывапісу. Ды і сама Марына не спыняецца спазнаваць новае, адкрывае для сябе дагэтуль невядомыя праяўленні выяўленчага мастацтва. Свае дасягненні дэманструе вучням і ўсім жадаючым – для гэтага арганізуе выстаўкі работ у раённым краязнаўчым музеі, аб’ядноўваючы іх адной тэмай ці акрэсліваючы пэўнай тэхнікай малявання.

DSC_0012Напрыклад, сёлета мастачка прадэманстравала гледачам свае работы ў жанры батыку – старажытным мастацтве малявання на тканіне. Гэта тэхніка прыйшла з Усходу, дзе батыкам займаліся толькі жанчыны, і толькі шляхетнага паходжання. Носьбіты гэтых ведаў упрыгожвалі рытуальнае адзенне, таксама добрым густам лічылася для дзяўчыны самастойна размаляваць свой вясельны ўбор. Менавіта размалёўка адзення і прывабіла М. Ульяніцкіх. Самастойна падабраць колеры да малюнка, стварыць асабісты эксклюзіўны ўбор і непаўторны стыль – што можа быць лепей для любой стыльнай жанчыны?

DSC_0023Марына сцвярджае, што маляваць батыкам спачатку было няпроста нават для яе, выпускніцы Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па спецыяльнасці «Выкладчык. Мастак». Гэты занятак патрабуе шмат часу і сканцэнтраванасці на выяве. Дапамаглі кнігі і відэаўрокі, дзякуючы якім Марына сёння – аўтар больш за 20 вялікіх карцін у розных стылях і відах роспісу, сапраўдная батычыстка, як называюць мастакоў у тэхніцы батык. Пры дапамозе пэндзля і фарбаў яна стварае велізарныя сюжэтныя трыпціхі, карціны з абстрактнымі матывамі, увасабляе на шоўку і шыфоне раслінныя ўзоры – дарэчы, ім мастачка аддае асаблівую перавагу.

DSC_0008Захапленне хайнічанка звязала з вучобай у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, яе спецыяльнасцю якраз і з’яўляецца станкавы жывапіс, куды ўваходзіць і батык.

DSC_0041Здавалася б, што тут складанага – бярэш тканіну, фарбы і спецыяльную вадкасць, якая не дае колерам змешвацца і расцякацца, і ствараеш прыгажосць. На практыцы дзяўчыне давялося не адзін дзесятак гадзін правесці над палатном, каб зрабіць годную карціну.
Далучыцца да гэтага захаплення М. Ульяніцкіх запрашае ўсіх жадаючых. У новым навучальным годзе кожны школьнік можа запісацца на курсы выяўленчага мастацтва на платнай аснове. Вучню спатрэбіцца, акрамя фарбаў і альбомаў, яшчэ і вялікае жаданне навучыцца маляваць. Астатняе, сцвярджае мастачка, справа вопыту.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *