Гучна і ярка ў Цэнтры культуры г. Хойнікі адсвяткавалі 85-годдзе нашай вобласці.
Творчыя падарункі землякам прысвячалі таленавітыя артысты – дарослыя і зусім юныя. Да хайнічан звярнулася з віншавальным словам старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, якая падкрэсліла, што ў развіцці Гомельшчыны ёсць вялікі ўклад хайнічан.
Сапраўды, менавіта ў нашым раёне на заводзе гідраапаратуры вырабляюць 62 найменні дэталяў для знакамітага на ўвесь свет трактара «Беларус». Наша краіна ўваходзіць у тройку дзяржаў па вырабу малочнай прадукцыі, у гэты працэнт трапіла і прадукцыя Палескага вытворчага ўчастку ААТ «Мілкавіта», гэта значыць – хойніцкая.
На сцэне радавалі ўдзячных гледачоў калектывы «Песні над Палессем», «Верасок», «Слаўніца», «РоДниК», «Радуга». Танцавальныя нумары ў выкананні артыстаў узорнага калектыву эстраднага танцу «Драйв» ЦТДіМ г. Хойнікі выклікалі шквал апладысментаў, як і музычныя падарункі выканаўцаў.
Паміж нумарамі для прысутных дэманстравалі відэазамалёўкі пра высокія дасягненні Гомельскай вобласці, старонкі гісторыі – трагічныя і светлыя, славутых жыхароў і нашы з вамі вынікі плённай працы. Нам ёсць, чым ганарыцца на роднай зямлі.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.