«Дзіцячаму міру» — быць! «Зручны» — пад знос!


Занепакоеныя грамадзяне не адзін месяц званілі ў рэдакцыю і цікавіліся, ці на самай справе будзе знесены “Дзіцячы мір”. Нарэшце лёс будынка былога магазіна вырашаны.

Як паведаміў дырэктар КУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна” М.П. Драчэўскі, зараз “Палессепраектам” г. Мазыра распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю гэтага будынка пад Дом абрадаў. Работы плануецца пачаць у маі, а завяршыць да 1 верасня. Магчыма, што менавіта 5 верасня ў час святкавання Дня беларускага пісьменства ў новым Доме абрадаў, куды пераедзе аддзел ЗАГС, адбудзецца першая рэгістрацыя шлюбу.

На вызначэнне падраднай арганізацыі для выканання будаўніча-мантажных работ у аб’ёме прыкладна два мільярды рублёў, аб’яўлены тэндэр. Фінансаванне ажыццяўляецца з абласнога бюджэту. Прадугледжана перапланіроўка ўнутраных памяшканняў з поўнай аддзелкай, таксама прадстаіць замена даху, вокнаў, дзвярэй.

На месцы магазіна “Зручны” і міні-рынку будзе размешчана аўтастаянка і добраўпарадкаваны месцы для адпачынку.

Што датычыць магазіна “Зручны”, у прыватнасці, то ўжо ў пачатку красавіка ён будзе закрыты, а памяшканне пойдзе пад знос. Як расказаў галоўны інжынер райспажыўтаварыства І.В. Бондар, гэтая гандлёвая кропка будзе перанесена ў памяшканне магазіна № 26 па вуліцы К. Маркса. Зараз там праводзіцца бягучы рамонт, у красавіку работы павінны завяршыцца.

Гандлёвыя кропкі з міні-рынку размясціліся ўжо на пляцоўцы каля рэстарана “Палессе”. Там працуе ўжо павільён ПУП “Палескія сыры”. У красавіку павінны быць устаноўлены і іншыя павільёны індывідуальных прадпрымальнікаў. Тут запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі, а самі гандлёвыя кропкі павінны стаць больш зручнымі і набыць сучасны выгляд.


Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *