З незабыўных часоў чалавек жыве там, дзе ёсць вада. Вада з’явілася той асновай, дзякуючы якой магчыма і само жыццё. Увасабленне гэтай гіпотэзы – цудоўнейшы грэчаскі міф аб з’яўленні з марской пены багіні кахання Афрадыты. Ужо са старажытных часоў чалавек навучыўся ствараць сістэмы водазабеспячэння, вышукваць крыніцы чыстай вады, паляпшаць яе якасць.
РайЦГЭ праводзіцца пастаянны маніторынг якасці пітной вады, як водаправоднай, так і калодзежнай. За ўвесь перыяд, прайшоўшы пасля катастрофы на ЧАЭС, не было зарэгістравана ні адной пробы водаправоднай вады з перавышэннем утрымання ў ёй стронцыю і цэзію. Па мікрабіялагічных паказчыках за 2009 год удзельная вага проб, не адпавядаючых гігіенічным нарматывам, з камунальнага водаправода склала 2,5 працэнта, па санітарна-хімічных – 8,1 працэнта, па водаправодах прадпрыемстваў і арганізацый гэты паказчык склаў 11,5 працэнта.
У гэтым плане кардынальна іншы малюнак якасці пітной вады з калодзежаў: па мікрабіялагічных паказчыках 62 працэнты проб не адпавядаюць гігіенічным нарматывам (сказваецца блізкасць гноесховішчаў, дваровых уборных, іншых біялагічных забруджвальнікаў), па нітратах – 58 працэнтаў. Падобная сітуацыя з якасцю калодзежнай вады і ў іншых раёнах і абласцях Беларусі. За першы квартал сёлетняга года выяўлена 6,9 працэнта проб калодзежнай вады, забруджанай нітратамі. Зніжэнне тлумачыцца ўмовамі прайшоўшай халоднай зімы, што перашкаджала пранікненню забруджванняў у калодзежы. Аднак супакойвацца не варта: вясной і летам сітуацыя зменіцца і якасць пітной вады з калодзежаў будзе горшай.
Прыярытэты патрэбна заўсёды надаваць вадзе з водаправода. Да слова, жалеза, якое ўтрымліваецца ў ёй, для чалавека бяспечнае, але вада пры яго акісленні набывае ржавае адценне, што зніжае яе якасць. Жалеза лёгка выводзіцца з арганізма натуральным шляхам. Пазбавіцца гэтага колеру вады можна шляхам адстойвання. А вось чыстая на першы погляд калодзежная вада ў большай ступені не адпавядае гігіенічным нарматывам па паказчыках бяспекі (утрыманне мікраарганізмаў, нітратаў).
У нашым раёне толькі два населеныя пункты не ахоплены сістэмай цэнтралізаванага водазабеспячэння: вёска Тульгавічы, дзе зараз пражывае 8 чалавек, і Хвойнае, дзе гэтая сістэма водазабеспячэння ёсць, але патрабуе аднаўлення. Астатнія маюць магчымасць ужываць больш чыстую ва ўсіх адносінах артэзіянскую ваду.
Трэба адзначыць, што якасць калодзежнай вады павінны адследжваць уладальнікі калодзежаў. КЖУП “Хойніцкі камунальнік” наладзіў ужо кантроль за якасцю вады з калодзежаў, якія знаходзяцца на балансе гэтай арганізацыі. А ўладальнікі індывідуальных калодзежаў павінны самі клапаціцца аб іх утрыманні – перыядычна ачышчаць, прамываць, дэзінфіцыраваць.
Жыхары могуць на платнай аснове праверыць якасць вады са свайго калодзежа ў райЦГЭ, каб быць упэўненым у яе якасці і бяспецы. Для гэтага тут маецца спецыяльны прыбор па кантролю ўтрымання нітратаў. На пробу прадастаўляецца літр вады, кошт даследавання мізэрны – 2520 рублёў, на працягу аднаго дня чалавек можа быць азнаёмлены з вынікамі яго.
Варта падкрэсліць, што Хойніцкі раён адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў тым, што выкарыстоўваюцца толькі падземныя водакрыніцы. Адзінае, у чым “не пашанцавала”, – што прыроднае ўтрыманне жалеза і марганца ў некалькі разоў перавышае нарматывы. Таму абавязкова будаўніцтва станцыі абезжалезвання або збудаванняў водападрыхтоўкі. У “Хойніцкім камунальніку” такая станцыя ёсць і сёлета будзе рэканструявацца. Астатнія ўласнікі артсвідравін павінны паклапаціцца аб збудаваннях водападрыхтоўкі.
Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.