Кожны чалавек у жыцці, напэўна, не раз адчуваў такі стан, калі раптам наступала фізічнае або разумовае недамаганне, часова зніжалася працаздольнасць, рэакцыя на навакольныя з’явы, авалодвала абыякавасць, апатыя. Гэта азначае, што ў чалавека з’явілася стомленасць – натуральная засцерагальная рэакцыя арганізма і яму тэрмінова неабходны адпачынак: фізічны, разумовы, псіхалагічны. Калі ж арганізму не даць адпачыць, то такі стан можа ўскладніцца і хутка чалавек адчуе сябе абсалютна спустошаным, разбітым. У яго згубіцца цікавасць да жыцця, родных, сяброў, ён стане неадэкватна рэагаваць на парады і заўвагі, яго будуць праследаваць прастудныя і іншыя захворванні. У медыцыне падобная з’ява атрымала назву “сіндром хранічнай стомленасці”.
Яму найбольш падвержаны жанчыны ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў, якія займаюцца актыўнай разумовай дзейнасцю.
Захворванне пачынаецца раптоўна. Адзначаюцца тры стадыі. На першай стан нагадвае сімптомы прастуды. На другой – з’яўляюцца боль у мышцах, суставах, слабасць, расстройства сну, галаўны боль. На трэцяй – псіхічныя праяўленні (змены настрою, дэпрэсія).
Стрэс – стан напружання арганізма чалавека як засцерагальная рэакцыя на розныя неспрыяльныя фактары: вытворчы, асабісты, сямейны, змена месца працы, смерць блізкіх, скасаванне шлюбу, псіхічныя траўмы і інш.
У вострай стрэсавай сітуацыі не трэба старацца прыняць адразу нейкае рашэнне. Неабходна выключыць дадатковую негатыўную інфармацыю (позні прагляд тэлеперадач, тэлефонныя разборкі). Старацца класціся спаць і ўставаць у адзін і той жа час (недасыпанне некалькі дзён запар зніжае супраціўленне імуннай сістэмы ў некалькі разоў). Прымайце заспакаяльныя раслінныя прэпараты. Праводзьце ароматэрапію (масла лаванды, піхты, мелісы, рамонку). Не радзей двух разоў у год прымяняйце курсы вітамінаў групы В. І абавязкова актыўны адпачынак – лепшы спосаб барацьбы са стомленасцю (паходы, знаходжанне на моры).
С. СОБАЛЬ,
урач-псіхіятр ЦРБ.