Малады спецыяліст Вікторыя Тарманава сёлета па размеркаванню прыйшла працаваць у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Пражыўшы больш за два месяцы ў Хойніках, Віка ўжо паспела палюбіць наш горад, як родны Брагін.
Тут ёй падабаецца чысціня і прыгажосць мясцін, дабрыня людзей і самае галоўнае – работа, дзе калегі заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Віка працуе на пасадзе памочніка ўрача-гігіеніста. У яе абавязкі ўваходзіць санітарны кантроль на прамысловых і сельгаспрадпрыемствах. Работа не з простых, аднак дзяўчыне з кожным днём яна ўсё больш падабаецца. Віка вырашыла не спыняцца на дасягнутым і, каб павысіць свой адукацыйны ўзровень, у гэтым годзе паступіла на завочнае аддзяленне біяфака БДУ.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н.Р. Лагвінец адзначае, што Віка працавітая і адказная дзяўчына, нягледзячы на свой малады ўзрост, яна заўсёды прымае ўзважаныя рашэнні. У яе ўсё атрымліваецца добра.
У вольны час Вікторыя займаецца спортам. Гуляе ў валейбол, раніцай бегае. Любіць пачытаць. Найбольшае ўражанне на яе аказаў раман Эрых Марыя Рэмарка «Тры таварыша». У Вікі ёсць мара – яна хоча адкрыць прытулак для бяздомных жывёл. Сапраўды, у дзяўчыны чулае сэрца.
Пагутарыўшы з Вікай, зразумела, што яна ўсім задаволена: і калектывам, дзе ёсць павага; і зарплатай; радасная ад таго, што атрымала арэнднае жыллё ў шматкватэрным доме па завулку Катоўскага. Яна лічыць сябе шчаслівай, таму што ў яе жыцці ёсць дзве самыя важныя рэчы – любімая сям’я і праца, ад якой атрымлівае задавальненне.
Вікторыя МАРОЗ. Фота аўтара.