Якая прыцягальная сіла заключаецца ў тым, што нас акружае з дзяцінства! Чаму, нават пакінуўшы роднае месца на доўгія гады, чалавек успамінае яго з цеплынёй, а жывучы ў іншым населеным пункце заўсёды расказвае госцю аб прыгожосці краю, дзе нарадзіўся? Сваю любоў да малой радзімы дарослыя перадаюць дзецям, што надзвычайна важна для выхавання у іх маральных і патрыятычных пачуццяў. Актыўную пазіцыю ў гэтым займаюць педагогі. Менавіта яны разам з бацькоўскім актывам, выкарыстоўваючы разнастайныя формы работы, выхоўваюць грамадзянскасць, любоў да роднага краю, сваёй Радзімы.
Гэтай мэце служаць і этнаграфічныя музеі, якія створаны ў шэрагу агульнаадукацыйных і дзіцячых устаноў нашага раёна.
Асаблівую цікавасць выклікае музейны пакой, створаны ў Стралічаўскай сярэдняй школе. Творчая група педагагічнага калектыву выканала вялікую работу па афармленню інтэр’ера, збору экспанатаў і розных гістарычных звестак. Стваральнікі добрай справы ставілі перад сабой мэту з найбольшай дакладнасцю ўзнавіць аблічча жылля, у якім жыў беларускі селянін.
– У фондзе музея зараз 65 экспанатаў працы і быту, – расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Стралічаўскай СШ, адказная за работу музея Святлана Мікалаеўна Дыгун. – Тут сабраны рэчы, якімі карысталіся нашы далёкія папярэднікі. Гэта кросны, на якім жанчыны выраблялі палатно, серп, якім жыта жалі, ступа, у якой льняное масла таўклі, пранік, які выкарыстоўваўся для мыцця бялізны, і многае іншае. Трэба адзначыць, што мясцовыя жыхары аказалі вялікую дапамогу ў зборы экспанатаў, за што ім вялікая ўдзячнасць. Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць жыхарцы вёскі Высокае Надзеждзе Яўгеньеўне Дыгун, якая прадаставіла ў музей вялікую колькасць артэфактаў.
У музеі становіцца традыцыяй правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных народным святам – «Калядкі», «Вялікдзень», «Гуканне вясны», рабяты з вялікай актыўнасцю прымаюць у іх удзел.
Выкарыстоўваюць экспанаты музея для правядзення ўрокаў настаўнікі пачатковых класаў і гісторыі, непасрэдна ў музеі праводзяцца класныя выхаваўчыя гадзіны.
Тэматычныя музейныя мерапрыемствы дасягаюць сваёй мэты: вучні многае даведаліся пра свой родны край.
Клаўдзія БОСАК.
Фота Вікторыі МАРОЗ.