Дрэнныя словы ў лексіконе

Образование

Слова – вялікая сіла. Словам можна падтрымаць, падбадзёрыць, але і абразіць. Даволі часта можна пачуць ад бацькоў, што дзіця пачынае ўжываць непрыстойныя словы. Але яны рана ці позна з’яўляюцца ў лексіконе кожнага дзіцяці.

Чаму ж так ахвотна дзеці паўтараюць дрэнныя выразы? Справа ў тым, што яны ў дакладнасці капіруюць дарослых. Іх прываблівае эмацыянальнасць, з якой гэтыя словы вымаўляюцца.

Некалькі парад наконт таго, што патрэбна рабіць, калі дзіця ўжывае дрэнныя словы, дае намеснік дырэктара па вучэбнай частцы Судкоўскай СШ Н.А. Ходас.

Калі дзіця яшчэ даволі малое (2-3 гады), то лепш за ўсё проста не звяртаць увагу на гэта. Хутчэй за ўсё яно іх проста забудзе.

У адносінах да 4-гадовых дзяцей прыём неэфектыўны, бо ўжываюцца такія словы ўжо ўсвядомлена. І калі не звяртаць увагі, дзіця можа вырашыць, што дрэнныя словы – норма і можна вымаўляць іх, не апасаючыся пакарання. У такія моманты бацькам патрэбна пагаварыць з дзіцём, растлумачыць яму, што падобныя словы зняважлівыя і крыўдныя, таму ўжываць іх нельга.

Не сварыцеся на дзяцей за выкарыстанне дрэнных слоў, гэта зробіць лаянку больш прывабнай для іх.

А для таго, каб пазбегнуць з’яўлення ў лексіконе дзіцяці дрэнных слоў, бацькам неабходна ўважліва сачыць за ўласнай мовай.

Падлеткам трэба растлумачыць, што людзі выкарыстоўваюць непрыстойныя словы толькі ў крайнім выпадку, ад адчаю.

Вядома, непрыемна, калі зусім юныя ўжываюць такія словы. Але часам значэнне і ўменне ўжываць дрэнныя словы неабходны ім толькі для таго, каб прызналі роўным, дарослым, каб не трапіць у няёмкае становішча, не стаць аб’ектам насмешак.

Да таго ж, людзі лаюцца ад адчаю і злосці. У гэтым выпадку дрэнныя словы выкарыстоўваюцца як магчымасць “выпусціць пару” і дапамагаюць справіцца з адмоўнымі эмоцыямі. Гэта некалькі лепш, чым фізічнае насілле або дэвіянтныя паводзіны. Іншая справа, што ўсё ж лепей выказаць усё накопленае на душы ў размове з псіхолагам або сам-насам. Вось гэтаму і патрэбна вучыць дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *