Ферма «Езапоў» займае лідзіруючыя пазіцыі сярод судкоўскіх МТФ. Многія адразу адзначаць – таму што новая. Гэта, канешне, так, але справа ўсё ж не ў навізне, а ў стараннасці. Вынікі маюць толькі тыя, хто шчыра душой хварэе за сваю работу.
Вось, як напрыклад, загадчыца гэтай фермы Таццяна Шчогалева. Як толькі я зайшла ў хлеў і ўбачыла яе, адразу заўважыла, што жанчыну нешта хвалюе. Звычайна сустракае з усмешкай, а цяпер была нязвыкла задумлівая. Высвятляю ў яе, што з настроем. Аказалася, што перажывае за вытворчасць малака – пачалі зусім крыху «падаць», а яна ўжо сабе месца не знаходзіць. Але, ведаючы характар Таццяны, можна быць упэўненым, што яна загарыцца мэтай, натхніць калектыў і выправіць становішча.
Загадчыца фермы рэальна ацэньвае сілы сваіх работнікаў і зазначае, што пры жаданні яны здольны на большае. Кармы ёсць, жывёла адсартыравана, умовы створаны добрыя, застаецца прытрымлівацца тэхналогіі. На ферме ёсць каровы, якія і па трыццаць літраў малака ў суткі даюць, патрэбны толькі належны падыход да справы.
Пакуль жа на Езапоўскай ферме сярэднясутачны надой на карову складае 11-12 літраў малака. У гаспадарцы гэты паказчык самы высокі, але калі браць пад увагу ўвесь раён, то езапоўцы толькі на сёмым месцы. Як бачна са зводкі, «абганяюць» Алексіцкі, Пудакоўскі, Карчоўскі, Стралічаўскі комплексы, Храпкаўскі і Велікаборскі ДМБ.
Хаця нельга не адзначыць, што па рэалізацыі малака Езапоўская ферма плюсуе цэлую тону да ўзроўню мінулага года. Гэта значны рывок уперад. А ўсё дзякуючы намаганням калектыву, які складаецца з 22 чалавек, у тым ліку 11 аператараў машыннага даення. Сярод лепшых даярак Галіна Паўлючэнка.
Жанчына родам з Езапова. Закончыўшы першую гарадскую школу, пайшла працаваць на ферму ў калгас імя Калініна. З тых часоў і звязаў яе лёс з гэтай прафесіяй. Усе змены ў жывёлагадоўлі раёна адбывалiся на яе вачах. «У маладосцi малако самi ў халадзiльнiкi насiлi, кармы таксама цягалi ўручную, гной з-пад кароў выграбалі шуфляй, – узгадвае Галіна Міхайлаўна. – Пасля на змену так званаму бочкаваму даенню прыйшоў малакаправод – стала лягчэй. Цяпер каровы жывуць з камфортам, ды i ў нас умовы працы лепшыя». У яе групе пяцьдзесят «падапечных». Адносіцца жанчына да сваёй «рагатай каманды» з пяшчотай і вялікім клопатам. Таму і вынікі добрыя мае: у суткі, бывае, атрымлівае больш чым па васемсот літраў малака. Калі падзяліць на паўсотні, дык атрымаецца шаснаццаць літраў з «хвосцікам». Работа нялёгкая, але Галіна палюбіла яе. І раніцай падымацца рана звыкла, і па хатняй гаспадарцы ўсё паспявае. А ў яе, дарэчы, чацвёра дзяцей – усе сыны. Сям’я дружная, дапамагаюць адзін аднаму. Прынцып узаемавыручкі дзейнічае і на ферме. Гэта пацвердзіла яшчэ адна працавітая даярка, якую нам парэкамендавалі сфатаграфаваць – Алена Цішкевіч.
Наталля ЧЭКАН.
Фота аўтара.