Ударылі велапрабегам па хваробах

Спорт

Сусветны дзень здароўя ў нашым раёне адзначаны правядзеннем раённага велапрабегу “Марш здароўя”, арганізатарамі якога выступілі аддзелы па фізічнай культуры, спорту і турызму, па справах моладзі райвыканкома і раённы камітэт БРСМ. Удзел у велапрабегу прынялі амаль сто чалавек, у асноўным вучні сярэдніх школ раёна і навучэнцы ДПТВ-183.

У час афіцыйнага адкрыцця велапрабегу намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка адзначыў, што здаровым чалавекам сёння быць не толькі карысна, але і модна. На асабістым прыкладзе кіраўніцтва краіны, вобласці, раёна падцвярджае, што спорт – неад’емная і неабходная частка нашага жыцця.

7 красавіка праводзілася акцыя “Маё здароўе ў маіх руках”. Удзельнікі велапрабегу  атрымалі ад актывістаў РК БРСМ буклеты на тэму здаровага ладу жыцця. А супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС пазнаёмілі з правіламі руху па праезнай частцы на веласіпедзе, раздалі ўсім памяткі веласіпедыста.

Велапрабег “Марш здароўя” прайшоў па цэнтральных вуліцах горада, дзе хайнічане сустракалі веласіпедыстаў словамі падтрымкі і цёплымі ўсмешкамі. А ўдзельнікі спартыўнай акцыі атрымалі ў дадатак да добрага настрою порцыю здароўя і фізічнай загартоўкі, далі адпор усім хваробам.


Ірына Новікава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *