З 31 сакавіка па 3 красавіка ў Пружанскім лёдавым палацы (Брэсцкая вобласць) прайшлі фінальныя гульні рэспубліканскага турніру юных хакеістаў на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гомельскую вобласць на гэтых спаборніцтвах па праву пераможцаў абласнога турніра прадстаўлялі юныя аматары хакея з нашага горада.
Нашы землякі трапілі ў групу, у якую разам з імі ўваходзілі прадстаўнікі Мінскай вобласці і гаспадары палаца – каманда з Пружан. Пачалі хайнічане даволі ўпэўнена, і ў першым жа паядынку яны разграмілі з лікам 6:1 хакеістаў Міншчыны.
А вось наступны паядынак стаў для хойніцкіх рабят у нечым ракавым. Уся гульня з хакеістамі Пружан доўга трымала шматлікіх балельшчыкаў у напружанні, аднак фінальны свісток зафіксаваў перамогу брэсцкіх хакеістаў – 4:3. Дарэчы, менавіта пружанскія хакеісты і сталі пераможцамі турніру, абгуляўшы ў заключным матчы каманду Віцебскай вобласці.
У апошняй гульні за трэцяе месца з хакеістамі Магілёўшчыны (яны занялі другое месца ў другой групе) хайнічане лідзіравалі ў ліку, аднак хвілінная разгубленасць у канцы сустрэчы каштавала агульнай перамогі: зноў паражэнне з лікам 5:6.
Такім чынам выхаванцы хойніцкіх трэнераў Аляксандра Вяргейчыка і Рамана Лобана ў гэтым годзе сталі чацвёртымі ў рэспубліцы. У параўнанні з мінулагоднім фіналам, калі каманда фінішыравала пятай, быццам бы і зроблены крок наперад. Аднак хацелася б, канешне, большага. Тым больш, што былі і часы, калі хайнічане траплялі ў прызавую тройку.
І ўсё ж без узнагарод каманда не засталася. Прыз “Лепшаму абаронцу турніру” (прыгожы наручны гадзіннік з адпаведным выгравіраваным на ім надпісам) атрымаў вучань Хойніцкай СШ № 1 Вадзім Дашук.
Віктар НАЗАРАНКА.