Таму што на 6 цялятак па статыстыцы 1 жывёлавод

Сельское хозяйство

Маленькія цяляткі тыкаюцца мордачкамі ў свае домікі і ззяюць бліскучымі вочкамі. Іх тут усяго шасцёра.

Мы прыехалі на ферму ў Віць, дзе нас сустрэла жывёлавод Валянціна Судзенка. З самай раніцы жанчына на нагах, даглядае сваіх падапечных штодня, поіць свежым малаком, падсцілае салому.

Адразу ж пытаюся ў субяседніцы, чаму так мала тут цялятак. Аказваецца, толькі да трох месяцаў яны жывуць у Віці, а далей «пераязджаюць» на комплекс у Храпкаў на дагадоўванне. Дарэчы, у гэтым годзе нарадзілася 30 цялятак. Усе здаровенькія. Работы хапае. Напрыклад, у абедзенную дойку Валянціна доіць кароў – у яе групе 40 галоў.

– Не спрабавалі даваць сваім выхаванцам «Бела-колу»? У адной з гаспадарак Беларусі карыстаюцца такім спосабам, каб жывёліна хутчэй набірала вагу, – працягваю дыялог.

– Чытала такую навіну. Але гэты напітак яшчэ не давала. Маім маленькім дзіцяткам, як я іх называю, даспадобы пакуль малако. Асабліва Рыжыку, – усміхаючыся адказвае жанчына.

Дома, у Віці, Валянціну чакаюць родныя. Так склалася, што муж з сынам таксама працуюць у жывёлагадоўлі. Вось такі сямейны падрад. А каровы ёсць не толькі на рабоце – у хляве стаяць карміцелькі Марта з Зоркай.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *