Дыспетчары – байцы нябачнага фронту

Сельское хозяйство

Як жа я люблю бязмежныя пшанічныя палі, якія тонуць у промнях ранішняга сонца, апраўленыя ўдалечыні зялёнымі з сінню сопкамі!

Люблю глядзець, як тугія каласы ляніва гайдаюцца пад лёгкім ветрыкам. Вядома, чаруюць сваёй прыгажосцю і кветкавыя палі або, да прыкладу, са сланечнікамі, але маё сэрца найбольшым цяплом грэюць менавіта пшанічныя.

Аднак прыгожы краявід – гэта толькі знешні выгляд, за якім крыецца праца да сёмага поту нашых людзей. Механізатары, вадзіцелі не толькі адказныя і працавітыя, але і вельмі пазітыўныя. Як «выпаляць» які-небудзь жарт у час інтэрв’ю – добры настрой забяспечаны на ўвесь дзень. У той жа час, у ходзе гутаркі ад іх можна запазычыць і шмат мудрых выразаў. Напрыклад, адзін з апошніх запісаў у маім нататніку: «Чалавека, таго ж агранома, можна падмануць, а зямлю – не! Таму працаваць трэба на сумленне». Выдатна сказана, ці не праўда?

Калі ўжо закранула аграномаў, не магу не адзначыць, што яны з’яўляюцца галоўнымі памочнікамі рэдакцыі. У так званы сезон пастаянна «абрываем» ім тэлефоны, каб даведацца аб навінах з палёў або месцазнаходжанні перадавікоў. І, трэба аддаць належнае, яны заўсёды раскладваюць усё па палічках.

Работнікі ферм – асобная тэма. Сапраўды, такі напружаны, цяжкі рытм вытрымае не кожны. Лаўлю сябе на гэтай думцы кожны раз, робячы здымкі нашых працавітых жанчын з неверагоднай душэўнай прыгажосцю. Клапатлівыя маці, няўрымслівыя гаспадынькі, старанныя брыгадзіры, даяркі, цялятніцы… Як яны толькі ўсё паспяваюць?

Вядома, цёплых слоў заслугоўваюць усе: і добрыя «доктары Айбаліты» – нашы ветурачы, і інжынеры з залатымі рукамі, і граматныя заатэхнікі, і спрытныя паляводы, і пільныя кладаўшчыкі, і г.д. Не абысціся без падлікаў, прагнозаў эканамістаў і бухгалтараў. Уклад кожнага работніка сельскай гаспадаркі ў агульную справу вельмі важны.
У гэтым годзе мы вырашылі зрабіць невялікае выключэнне і замест перадавікоў (іх імёны і здымкі будуць у наступным нумары) друкуем фатаграфіі дыспетчараў гаспадарак, так бы мовіць, байцоў нябачнага фронту.

IMG_3680Святлана Вячаславаўна Казазаева, КСУП імя Мележа
Дыспетчарскі стаж гэтай цікавай жанчыны складае адзінаццаць гадоў. Яна з тых людзей, якія цалкам задаволены сваёй работай. Як вядома, ад увішнасці, прафесіяналізму, камунікабельнасці дыспетчара таксама ў многім залежыць зладжанасць вытворчага працэсу ў гаспадарцы. У гэтым сэнсе нараканняў да Святланы Вячаславаўны няма – тэлефонныя званкі, перадачу інфармацыі ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і многае іншае даводзіцца выконваць ёй за працоўны дзень, і ўсё гэта робіцца бездакорна.

IMG_3654Алена Леанідаўна Крыжаноўская, КСУП «Судкова»
Гэта самы вопытны дыспетчар у сельскай гаспадарцы нашага раёна. На адной пасадзе яна працуе ўжо трыццаць гадоў. За гэты час змянілася некалькі кіраўнікоў, калектыў, памеры сельгаспрадпрыемства – далучыліся фермы і землі іншых гаспадарак. Але Алена Леанідаўна заўсёды заставалася адказным і дасціпным работнікам. Яна лёгка знаходзіць агульную мову з калегамі розных узростаў. Разнастайныя справаздачы і звесткі, веданне спраў у сельгасвытворчасці, дзесяткі імён і прозвішчаў механізатараў, жывёлаводаў – усё гэта яна ведае, як кажуць, «на зубок».

IMG_3662Алена Уладзіміраўна Васількова, КСУП «Аравічы»
Абаяльная, аптымістычная, заўсёды ветлівая. Гэта чалавек, які зараджае сваёй станоўчай энергетыкай, выклікае прыхільнасць у людзей. Дзевяць гадоў працавала загадчыкам гаспадарчай часткі ў дзіцячым садзе. Потым жыццё запатрабавала змен – і яна стала дыспетчарам, аб чым, дарэчы, ніколькі не шкадуе. Нават калі ідзе дамоў, «цягне» работу за сабой – неабходныя паперы заўсёды пад рукой. Размаўляючы з Аленай Уладзіміраўнай, заўважыла на стале яе фотаздымак у рамачцы, а ўнізе подпіс – «Лепшаму дыспетчару». Гэты падарунак калег, згадзіцеся, таксама сведчыць аб многім.
IMG_3698Наталля Сцяпанаўна Герасенка, эксбаза «Стралічава»
Прыйшла ў гаспадарку працаваць сакратаром, але потым вызвалілася пасада дыспетчара, і ёй прапанавалі заняць яе. Вось ужо тры гады Наталля Сцяпанаўна займаецца зборам даных з палёў і ферм, выводзіць аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца ў сельгаспрадпрыемстве. Завочна вучыцца ў Гомельскім аграрна-эканамічным каледжы. Па натуры яна добразычлівая, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. На пытанне, ці ёсць якія-небудзь захапленні, акрамя работы, шчырая жанчына, не раздумваючы, адказвае: «Мае дзеці».

IMG_3705Юлія Рыгораўна Бандарэнка, КСУП «Веляцін»
Па тэлефоне яе лёгка пазнаць па лагоднаму, ветліваму голасу. Калі ні пазвоніш – яна на ўсе пытанні дае дакладныя адказы, заўсёды ў курсе спраў, валодае неабходнымі лічбамі. Акрамя «малочных» і «палявых» зводак, у полі зроку ўсіх дыспетчараў знаходзяцца пуцёўкі вадзіцелям. Дакладней кажучы, кожную раніцу яны займаюцца іх афармленнем. Юлія родам з Ельска. Закончыўшы Палескі аграрны каледж, тры гады назад прыехала працаваць у наш раён. Па адукацыі яна аграном, але вось ужо год у новай прафесіі дыспетчара, і адчувае сябе, як рыба ў вадзе.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *