Учора ў Ельску адсвяткавалі абласныя “Дажынкі”

Сельское хозяйство

3Велічна і натхнёна прайшло галоўнае свята хлебаробаў Гомельшчыны – абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015». Як гэта водзіцца, падрыхтоўка да яго пачалася загадзя. Добраўпарадкавалі вуліцы, аднавілі гарадскую інфраструктуру. Непасрэдна да фестывалю была прымеркавана рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў. Напярэдадні восеньскага фэста з’явілася некалькі каляровых тэматычных расцяжак і білбордаў, якія таксама дабавілі прыгажосці навакольным краявідам.

Арганізатары «Дажынак» пастараліся, каб святочны настрой быў не толькі ў пераможцаў спаборніцтва, але і ва ўсіх гасцей. Цікавай была выстаўка сучаснай і рарытэтнай сельскагаспадарчай тэхнікі. Бойка ішоў гандаль у кірмашовым гарадку, дзе сваю прадукцыю прадстаўлялі прадпрыемствы вобласці. Непадалёк «прыселі» падворкі з выстаўкамі-дэгустацыямі паляшуцкіх прысмакаў і рознага кшталту стылізаванымі кампазіцыямі. Пабачыць эксклюзіўныя вырабы народных умельцаў можна было ў маляўнічым горадзе майстроў.

2На працягу святочнага дня было мноства спартыўных мерапрыемстваў: першынствы па шашках і шахматах, дзюдо, па скачках у вышыню, спаборніцтвы па міні-футболе і футболе, настольным тэнісе, дартсе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і інш. Вялікую цікавасць гасцей выклікала забаўляльна-сілавое шоў «Здаравяк». Яно ўключала ў сабе прагулкі з шынай вагой 160 кілаграмаў, кантаванне покрыўкі ў 320 кіло, пад’ём стокілаграмовага бервяна і г.д.

Але галоўнай жа падзеяй аграфэста, безумоўна, стала ўшаноўванне пераможцаў жніва, якое адбылося ў Доме культуры з сімвалічнай назвай «Колас». На пачатку ўрачыстай цырымоніі старшыня аблвыканкама У.А. Дворнік шчыра падзякаваў хлебаробам Гомельшчыны за самаадданасць: «Вы ў чарговы раз даказалі, што любыя цяжкасці можна пераадолець, калі ёсць любоў да зямлі, адказнасць за даручаную справу, за вынік сваёй працы. Хочацца спадзявацца на тое, што вынік, атрыманы ў гэтым годзе, стане мінімальным дасягненнем у наступным, каб з кожным годам наш уклад у агульнарэспубліканскі каравай станавіўся больш важкім».

5У абласных «Дажынках» прыняла ўдзел дэлегацыя і нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама А.І. Цітком. На жаль, ніхто з хойніцкіх хлебаробаў не стаў пераможцам абласнога спаборніцтва і сёлета не ўшаноўваўся на «Дажынках» у Ельску.

Паўночным раёнам вобласці пашанцавала больш – нябесная канцылярыя ў адносінах да іх была больш літасцівай. Але адчайвацца не трэба, мы абавязкова навярстаем у наступным годзе. Праўда? А ў гэты раз давялося раздзяляць радасць і апладзіраваць героям жніва з іншых раёнаў. Лепшым з лепшых па традыцыі ўручалі Дыпломы і каштоўныя падарункі.

1Пасля афіцыйнай часткі адбыліся два яскравыя канцэрты: біт-групы «Yatata» і заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля «Сваякі». А закончылася мерапрыемства святочным феерверкам. Шчыра хочацца, каб ва ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі заўсёды быў такі ж яркі і шыкоўны настрой, як той ельскі салют.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *