Бібліятэкі — крыніца духоўнага адраджэння

Образование

Праходзіць час, мяняюцца эканамічныя фармацыі, укараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, аднак роля бібліятэк у грамадстве па-ранейшаму велізарная. Сярод культурна-асветніцкіх устаноў яны маюць амаль ці не галоўнае значэнне.

– Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Хойнікшчыны ўключае ў сябе 25 бібліятэк, – расказвае дырэктар ЦБС Наталля Уладзіміраўна Ешчанка. – Да катастрофы на ЧАЭС іх было 43. У горадзе 5, у сельскіх населеных пунктах – 20, з іх 3 бібліятэкі-клубы, 5 – у аграгарадках. І менш бібліятэк не павінна быць ні пры якіх умовах. Тая колькасць чытачоў, якіх яны абслугоўваюць, гаворыць сама за сябе. Сёння ў сістэме іх 10492, з іх дзяцей – 3550. Калі ўлічыць, што насельніцтва раёна зараз у межах 23 тысяч, то наведвальнікам бібліятэкі з’яўляецца практычна кожны другі чалавек.

Прычым, калі ва ўмовах горада гэта дасягаецца намаганнямі цэлай сеткі публічных бібліятэк, то ў вёсцы гэта павінна рабіць адна бібліятэка, якая застаецца для жыхароў практычна адзінай установай, дзякуючы якой жыхары могуць атрымліваць доступ да разнастайных інфармацыйных рэсурсаў. Чытачы бібліятэк аграгарадкоў маюць доступ у Інтэрнет, тут працуе электронная пошта. У бібліятэцы аграгарадка Вялікі Бор ёсць пакой-музей беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі.

– Як фарміруюцца фонды бібліятэк, наколькі якасна праходзіць іх абнаўленне?

– Адзначу, што 15-працэнтны нарматыў, вызначаны для камплектавання бібліятэк, намі выконваецца. З бюджэту раёна ў 2008 годзе было выдзелена 73 мільёны рублёў, закуплена 7485 экземпляраў кніг. Летась іх набыта 1885 экземпляраў. Значную ўвагу ўдзяляем беларускамоўным выданням, для чаго актыўна супрацоўнічаем з беларускімі выдавецтвамі. Папулярнасцю сярод чытачоў карыстаецца серыя кніг “100 асоб беларускага спорту”, зборнікі “Зямля Беларусі” і “Архітэктура Беларусі” – яны маляўніча аформлены і ўтрымліваюць многа пазнавальнай інфармацыі. Не залежваюцца на паліцах выбраныя творы К. Чорнага, І. Мележа, А. Куляшова.

– Якая доля беларускамоўных газет і часопісаў у перыёдыцы, якая паступае ў бібліятэкі?

– Уся наша беларуская падпіска – гэта часопісы, якія выдаюцца ў Беларусі. Напрыклад, “Полымя”, галоўным рэдактарам якога з’яўляецца наш зямляк М. Мятліцкі, выпісана 20 экземпляраў, столькі ж – “Маладосці”. Кожны год выпісваем часопісы “Мастацтва”, “Неман”, “Вожык”, “Гаспадыня”, “Алеся”, “Дзеяслоў”, які рэдагуе таксама наш зямляк Барыс Пятровіч. У чытальных залах наведвальнікі могуць азнаёміцца з беларускамоўнымі газетамі і часопісамі. Адным словам, наша айчынная літаратура запатрабавана.

Чытачоў запрашаем на кніжныя выстаўкі, якія арганізоўваюцца да памятных дат у жыцці нашай краіны, да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. Ва ўсіх бібліятэках зараз працуюць кніжныя выстаўкі, прысвечаныя прадстаячаму Дню беларускага пісьменства.

– Наталля Уладзіміраўна, у саставе хойніцкай дэлегацыі Вы прысутнічалі летась на Дне беларускага пісьменства ў горадзе Смаргоні. Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад паездкі і скажыце, што мяркуецца зрабіць да такога свята сёлета ў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Хойнікшчыны?

– Было відавочна, што людзі ўклалі ўсю душу ў добраўпарадкаванне горада, у старой частцы Смаргоні захаваны помнікі гісторыі, новабудоўлі суседнічаюць са старыннымі збудаваннямі. Свае ўражанні магу ахарактарызаваць так: прыгожа, кранальна, запамінальна.

Да Дня беларускага пісьменства ў нашым горадзе цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай запланаваны цыкл мерапрыемстваў. Гэта, у прыватнасці, распрацоўка сцэнарыяў пра жыццё і творчасць нашых землякоў-літаратараў, якія маем намер вырабіць у электронных варыянтах, правядзенне тэматычных кніжных выставак. Пажадана, каб нашаму раёну выдзелілі бібліобус. У такім разе кнігі можна было б развозіць па самых аддаленых і маланаселеных вёсках, пакуль што гэтую справу выконваюць мясцовыя бібліятэкары, заносячы туды кнігі і газеты ў сумках, быццам паштальёны.

Самая ж галоўная мая мара як дырэктара ЦБС – зрабіць нашу цэнтральную раённую бібліятэку сапраўдным Храмам кнігі. Зараз яе фонды знаходзяцца ў памяшканні гарадскога цэнтра культуры і спорту “Меліяратар”, вырашана пытанне аб выдзяленні бібліятэцы новага памяшкання. Вельмі важна, каб мара не разляцелася на шматкі, бо думаюць бібліятэкары не пра сябе, а пра нас з вамі. І пра тых, хто прыйдзе пасля. А храмы, як вядома, вечныя.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *