Галоўнае правіла ў рабоце калектыву раённай газеты «Хойніцкія навіны» – старацца рабіць усё, каб чытач атрымаў максімум цікавай і карыснай інфармацыі. Пры гэтым мы адкрыты для ўдасканальвання. Нам заўсёды цікава меркаванне хайнічан адносна таго, што яны любяць чытаць у газеце, якія ёсць прапановы наконт напаўнення раёнкі.
Святлана Ярац:
– Падабаецца праект «Вёсачка мая», дзе можна прачытаць пра малыя сельскія населеныя пункты, цікавыя людскія лёсы. Абавязкова чытаю апошнюю старонку «На ўсе выпадкі жыцця», асабліва там прывабліваюць кулінарныя рэцэпты. Пажадана, каб у газеце было больш каляровых здымкаў і з’явіліся крыжаванка і гараскоп.
Іна Базулька:
– З’яўляюся пастаянным падпісчыкам газеты. Калі не атрымліваецца прачытаць усе матэрыялы, то проста цалкам праглядваю. Прыемна, калі на старонках раёнкі бачыш знаёмых. Вось, напрыклад, нядаўна ў «Хойніцкіх навінах» убачыла фотаздымак свайго дзіцяці, тады я была неверагодна шчасліва. Добра, што газета ўважліва да жыхароў раёна.
Ганна Андрэеўна Яцук:
– Раёнка са мной ідзе разам па жыцці, чытаю я ўсё, як кажуць, ад коркі да коркі. Аднак асобна са станоўчага боку хачу адзначыць літаратурную старонку «Крылы», там змяшчаюцца душэўныя вершы. Матэрыялы праекта «Асобы Хойнікшчыны» таксама чытаю з вялікім задавальненнем. Адна прапанова – больш асвятляць тэму медыцыны.
Дзмітрый Барысенка:
– Спартыўная тэматыка ў газеце шырока прадстаўлена. Заўсёды чытаю аўтарскую калонку пра футбол. Патрэбная рубрыка «Навіны раёна», адтуль я ведаю апошнія станоўчыя падзеі з жыцця Хойнікшчыны. Але ж ёсць заўвага: перабольшваюць матэрыялы пра сельскую гаспадарку, няхай бы яны нароўні асвятляліся з іншымі галінамі.
Сеўда Мусаева:
– Па роду працы ва ўпраўленні райсельгасхарчу асабліва люблю чытаць пра сельскую гаспадарку. Маладзёжная тэматыка таксама мяне прываблівае, стараюся заўсёды чытаць пра маладых спецыялістаў. Не абыходжу ўвагай крымінальную хроніку. Удзячна раёнцы за яе цудоўныя фотаздымкі на першай старонцы.
Апытвала Вікторыя МАРОЗ.