Па новай сістэме

Сельское хозяйство

Па выніках мінулага года Стралічаўскі сельскі Савет стаў лепшым у раёне па закупу малака ў насельніцтва. У 2009 годзе яго жыхары прадалі дзяржаве 422,5 тоны малака, дадаўшы да паказчыка папярэдняга года 43,8 тоны.

Не знізілі тэмпаў стралічаўцы і ў першым квартале бягучага года: за тры месяцы закуплена 65,6 тоны малака, у той час як за адпаведны перыяд мінулага года гэтая лічба была роўнай 58,5 т.

Па стану на 1 красавіка ў домаўладаннях жыхароў Савета налічваецца 168 кароў, што больш чым у мінулым годзе на 35 галоў. Як растлумачыла старшыня Стралічаўскага сельскага Савета Валянціна Міхайлаўна Бельская, людзі сталі ахвотней купляць рагуль менавіта з мэтай продажу малака дзяржаве. Справа гэта выгадная для вяскоўцаў: літр малака сёння каштуе 710 рублёў, разлікі ідуць без затрымак, а чым больш прадасць чалавек малака са свайго падвор’я, тым большую прыбаўку атрымае ён да сямейнага бюджэту. Таму паступова расце і колькасць здатчыкаў – зараз продажам малака займаюцца 59 жыхароў Савета.

А яшчэ ў гэтым годзе істотныя змены перацярпела і сама сістэма продажу. Зараз яго зборам і дастаўкай займаецца прыватны прадпрымальнік Іван Рыгоравіч Сніцарэнка. Перад тым, як пайсці на новаўвядзенне, з жыхарамі Савета быў праведзены сход, на якім людзям расказалі аб новых умовах здачы малака, аб тым, якія будуць пры гэтым прад’яўляцца патрабаванні. Навінку прынялі з насцярожанасцю, аднак па выніках першага месяца ўсе апасенні развеяліся. Калі раней малако з кожнага падвор’я злівалася ў агульны бідон, то зараз І.Р. Сніцарэнка для вызначэння параметраў якасці (тлустасць, шчыльнасць, чысціня) адбірае пробы малака з кожнага падвор’я. Тут ужо магчымасці змухляваць не застаецца. Таму і зніклі спрэчкі наконт якасці – з аб’ектыўнымі лічбамі аналізаў малака з кожнага падвор’я не паспрачаешся.

З другога боку, лягчэй стала і работнікам сельсавета, бо, па-першае, у цэлым вышэй стала якасць малака, па-другое, знікла цякучасць кадраў малаказборшчыкаў, а па-трэцяе, вырашыўся і шэраг іншых арганізацыйных праблем. Сёння ў Савета па сутнасці засталіся толькі кантралюючыя функцыі.

Сярод лепшых малаказборшчыкаў старшыня сельсавета В.М. Бельская назвала жыхарак аграгарадка Стралічава Таццяну Міхайлаўну Сянько, Галіну Яўгенаўну Сакоўскую і Зою Уладзіміраўну Сігаеву.

 Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, можна зрабіць вывад аб тым, што пры новай сістэме здачы малака задаволенымі засталіся ўсе бакі: і малаказдатчык, і малаказборшчык, і сельскі Савет.


Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *