Стабільнасць калектыву — у поспехах кожнага

Сельское хозяйство

На сённяшні дзень сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна КСУП імя Мележа з’яўляецца лепшым  па вытворча-эканамічных паказчыках. У канцы мінулага года працаўнікі яго адзначылі  80-годдзе гаспадаркі. У ваенныя і пасляваенныя гады на долю хлебаробаў тагачаснага калгаса “Ленінскі шлях” нямала выпала гора і нягод. Цяжкі час мінуў, на працягу дзесяцігоддзяў множыліся багацці калгаса, аднак у новых рыначных умовах тут своечасова не з’арыентаваліся. З прыходам на пасаду дырэктара В.М. Каральчука справы пачалі наладжвацца. Пачыналі з навядзення дысцыпліны і парадку, адначасова вырашаючы пытанне з кадрамі, у тым ліку і кіруючымі.

– Пачалася новая старонка не толькі ў маёй працоўнай біяграфіі, – расказвае Васілій Мікалаевіч, – але і ў гісторыі гаспадаркі. Сёння ў эканамічным плане мы працуем стабільна. Гэтаму садзейнічае тое, што з года ў год расце ўраджайнасць сельгаскультур. Летась атрымалі па 50,2 цэнтнера збожжавых і зернебабовых. Ураджайнасць кукурузы на насенне склала амаль 100 цэнтнераў з гектара, рапсу – 30. Добры падмурак створаны  новаму ўраджаю. У аптымальныя тэрміны пасеяны збожжавыя.

Нарошчваем і вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. У першым квартале сёлета вытворчасць і продаж малака дзяржаве ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года складае 128-130%. Нядрэнныя вынікі і на вырошчванні мяса. За тры месяцы паставілі на мясакамбінаты  Гомеля і Калінкавіч 240 адкормкаў сярэдняй здатачнай вагой 486 кг.

Усё гэта дазваляе паспяхова вырашаць фінансавыя пытанні. Рэгулярна забяспечваем абавязковыя плацяжы, своечасова разлічваемся за электраэнергію, купляем гаруча-змазачныя матэрыялы, выдаём зарплату. Штомесяц без затрымак выплачваем па 59 мільёнаў рублёў крэдыту за новы жывёлагадоўчы комплекс.

У апошнія гады за кошт крэдытных рэсурсаў будуем жыллё. У першай палавіне бягучага года будзе ўведзена яшчэ 5 дамоў, у якіх паселяцца маладыя спецыялісты: ветурач, начальнік комплексу па вытворчасці малака, сем’і жывёлаводаў.

Гаспадарка для паляпшэння дабрабыту сваіх працаўнікоў аказвае ім практычна ўсе паслугі: па апрацоўцы прысядзібных участкаў, за пэўную плату забяспечваем насенным матэрыялам. Усім вяскоўцам, якія жывуць у дамах сельгаспрадпрыемства, па меры магчымасці аказваем дапамогу ў рамонце жылля.

Шмат добрых слоў кіраўнік гаспадаркі гаварыў у адрас перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці: механізатараў Мікалая Сямкова, Аляксандра Катлярчука, Яўгенія Целеша, Івана Бандарчука, Юліяна Харкевіча, Сяргея Наляговіча, Вячаслава Краўчанкі, жывёлаводаў фермы па вырошчванню буйной рагатай жывёлы Яўгенія Цітарава, Мікалая Белауса, Міхаіла і Мікалая Казачэнкаў, калектыў якіх узначальвае А.Р. Шчуцкая;  аператара машыннага даення фермы в. Тунеўшчына Святланы Абарок і кіраўніка гэтага калектыву Ж.А. Барысенка, загадчыка комплекса па вытворчасці малака А.І. Малочкі, аператараў Юрыя Дубадзела, Зоі Блізнец, Людмілы Катлярчук і іншых.

У кіраўніка калектыву, дэпутата раённага Савета дэпутатаў В.М. Каральчука, якога  працаўнікі  зноў вылучылі кандыдатам у дэпутаты раённай прадстаўнічай улады, яснае бачанне перспектыў развіцця сельгаспрадпрыемства. І звязвае ён іх у першую чаргу з адказнымі адносінамі да даручанай справы механізатараў, паляводаў, жывёлаводаў, спецыялістаў, бо сацыяльная стабільнасць калектыву складваецца з поспехаў кожнага.

На здымках: толькі на выдатна стараюцца выконваць даручаныя заданні механізатары Яўгеній Іванавіч Целеш і Мікалай Мікалаевіч Сямкоў;  хутка прыбаўляюць у вазе цяляткі да 3-месячнага ўзросту, якіх даглядае Надзежда Пятроўна Малочка; задаволена намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Н.А. Кавальчук (на  ніжнім здымку злева): чысціня і парадак у новым доме, згода ў сям’і жывёлаводаў Сяргея Мікалаевіча і Валянціны Аляксандраўны Савянкоў, падрастае дачушка Надзейка.


Тэкст і фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *