Перспектыва – у маладых кадрах

Тэрыторыя моладзі

IMG_7538Сёлета арганізацыі і прадпрыемствы нашага раёна сталі першым рабочым месцам для 120 маладых спецыялістаў – ураджэнцаў Хойнікшчыны і іншых раёнаў. На пачатку сваёй прафесійнай кар’еры моладзь мае патрэбу ва ўвазе і падтрымцы з боку кіраўніцтва. Не пакідае іх без дапамогі і раённая ўлада.
На мінулым тыдні маладых спецыялістаў запрасілі ў райвыканкам на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна. У фае запрошанай моладзі актывісты райкама БРСМ уручалі каляровыя буклеты пра Хойніцкі раён.
Мерапрыемства адкрыў старшыня райвыканкама А.І. Ціток. У сваім звароце да сёлетніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Аляксандр Іванавіч заклікаў іх працаваць на карысць раёна, у выпадку неабходнасці не баяцца звяртацца за дапамогай. Паступіла некалькі пытанняў, яны датычылі добраў-парадкавання вуліц, дзе пражываюць пачынаючыя работнікі.

IMG_7513Многа цёплых слоў у адрас моладзі сказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, якая заклікала прысутных актыўней абмяркоўваць умовы сваёй працы і пражывання, калі ў гэтых пытаннях ёсць праблемы, імкнуцца адстойваць свае правы і дасягаць узаемаразумення з калегамі.
Намеснік старшыні райвыканкама А.П. Гура расказаў пра развіццё раёна і яго эканамічны патэнцыял, дэманстраваліся адпаведныя слайды. Пра ход рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў раёне паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Л.В. Няволіна; галоўны спецыяліст фінансавага аддзела райвыканкама А.М. Сядоў расказаў пра асаблівасці калектыўнага дагавора, а галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Т.У. Кудрыцкая – пра забеспячэнне жыллём. Неаднаразова да маладых спецыялістаў даводзілася інфармацыя аб ільготных крэдытах, важныя моманты гэтага пытання яшчэ раз закранула спецыяліст крэдытавання рознічнага бізнесу ЦБП № 326 ААБ «Беларусбанк» А.У. Біркоўская.
Пасля завяршэння афіцыйнай часткі жадаючых запрасілі наведаць раённы краязнаўчы музей, дзе падрыхтавалі тэатралізаваную экскурсію. Візіцёраў сустракалі там гістарычныя персанажы Хойніцкага краю – граф Караль Прозар з жонкай Людвікай. Затым групе наведвальнікаў прадэманстравалі старажытны беларускі абрад «Урачысты шлюб» пад акампанемент народнага ансамбля «Спадчына» раённага Дома культуры (мастацкі кіраўнік Л.У. Краўчанка). Фінальнай часткай экскурсіі стала азнаямленне са «Скарбамі марскіх глыбінь» – выстаўкай, якая праходзіць цяпер у музеі.
Традыцыйна моладзь запрасілі на вечар адпачынку ў рэстаране, падрыхтавалі для гэтага конкурсную праграму.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *